Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ушалопаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, без дап. і з дадан. сказам.

1. Разм. Зразумець, уцяміць; скеміць. [Тамара] ўслухоўвалася ў гаворку салдат, але, мусіць, таму, што нямецкую мову разумела з пятага на дзесятае, нічога не магла ўшалопаць. Сабаленка.

2. Абл. Узяць, убіць сабе ў галаву. — Ой, ой, які ты дзіўны! — не даючы сыну скончыць, перабіла яго Тадося. — І што ты ўшалопаў сабе? Прыдатны не аддасць за ця-а-бе-э дачкі?.. Хай яшчэ падзякуюць богу, што мы цябе згодны жаніць з ёю. Гартны.

ушанаванне, ‑я, н.

1. Выражэнне павагі, пашаны; пэўныя цырыманіяльныя дзеянні як адзнака прызнання чыіх‑н. заслуг. Назаўтра пахавалі мы Бартало і Найдзёніка разам, з усімі нашымі партызанскімі ўшанаваннямі... Гроднеў. [Варанецкі:] — У гэтай зале ёсць людзі, якія, можа, больш варты ўшанавання, чым я. Дуброўскі.

2. Урачыстасці ў гонар юбіляра. Ушанаванне юбіляра. Ушанаванне перадавікоў працы. ▪ [М. Танк] .. быў членам Усесаюзнага камітэта па ўшанаванню памяці А. Міцкевіча. Бугаёў.

3. Прыстойнасць асобы. Сур’ёзныя твары .. [палешукоў] часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. Колас.

ушанаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ушанаваць.

ушанаваць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Выказаць чым‑н. пашану, павагу каму‑, чаму‑н. Мы ж памяць героя ўшануем І справай, і песняй, сябры, І помнік яму пабудуем З гранітнай уральскай гары. Куляшоў. Малашкін заклікаў усіх устаць і ўшанаваць мінутным маўчаннем верных савецкіх людзей, што загінулі ад рукі ворага. Пестрак.

2. Урачыста павіншаваць каго‑н. у сувязі з чым‑н. [Язва:] Сёння .. [Жлукта] будзе ўшанаваны як мае быць. Крапіва.

3. Удастоіць сваёй прысутнасцю. [Стрыбульскі:] Святы божа! Ці бачыш ты, якія госці ўшанавалі наш куток!.. Мележ. Мядзведзь падлізу Ліса ўшанаваў, — Згадзіўся да яго прыйсці на імяніны. Корбан.

ушаноўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ушаноўваць — ушанаваць.

ушаноўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да ушаноўваць.

ушаноўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ушанаваць.

ушасцярых, прысл.

Колькасцю ў шэсць асоб (рознага полу) або істот (ніякага роду).

ушасцёх, прысл.

У колькасці шасці чалавек (толькі пра мужчын або толькі пра жанчын).

ушкуй, ‑я, м.

Старадаўняя пласкадонная лодка з парусамі і вёсламі.