Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

учадзелы, ‑ая, ‑ае.

Атручаны чадам (у 1 знач.).

учадзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Атруціцца чадам (у 1 знач.). Учадзела галава.

учапіцца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. ▪ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. ▪ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

учапіць, учаплю, учэпіш, учэпіць; зак.

1. што. Зачапіць за што‑н. Учапіць вудачку.

2. што. Павесіць што‑н. на што‑н. Клава ўчапіла на мадонну каралі. Чорны.

3. у што. Разм. Зачапіць у час руху чым‑н. або за што‑н. Уязджаючы ў двор,.. [Ціток] знарок учапіў заднім колам у шула брамы. Лобан. У лесе з возам — [конь] проста залаты: не было выпадку, каб ён учапіў дзе ў дрэва ці ў пень. Дамашэвіч.

учарашні, ‑яя, ‑яе.

1. Які адбыўся, утварыўся, зроблены і г. д. учора. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». Пасля ўчарашняга дажджу сонца паднялося вясёлае, іскрыстае, лес нібы памаладзеў, і вярнулася галасістая, зычная вясна. Новікаў. // Які быў нядаўна, у недалёкім мінулым. Учарашні баявы таварыш — начальнік штаба атрада — стаў мужам Марусі. Брыль.

2. у знач. наз. учарашняе, ‑яга, н. Тое, што было ўчора, у недалёкім мінулым. Ці таму, што ўдалося часткова адпомсціць Бубновіч за ўчарашняе, ці таму, што з ім ішла Аня, Косця адчуў сябе вальней. Карпюк.

•••

Учарашні дзень гл. дзень.

Шукаць учарашняга дня гл. шукаць.

учарнелы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зблажэў, змарнеў; счарнелы. Міхалковіч бачыць перад сабою абарванага, аброслага, учарнелага чалавека. Чорны. Стомлены, з учарнелым тварам, .. [Пеця] ледзь трымаўся на нагах. Сіняўскі.

2. Разм. Пачарнелы. З голых галін таполі тужліва паглядваў долу адзінокі лісток. Пад нагамі ляжалі тысячы іх, учарнелых і ліпкіх. Лобан.

учарнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зблажэць, змарнець; счарнець. Камандзір учарнеў і выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы і злосны. Грахоўскі. Марынчук неяк асунуўся, згорбіўся, даўно няголены твар яго ўчарнеў, на ім разгубленасць і трывога. С. Александровіч.

2. Разм. Пачарнець (пад уздзеяннем вільгаці, сонца, паветра і пад.). Куток даху быў Крыты драніцамі, што не паспелі яшчэ як след учарнець на сонцы і ветры. Савіцкі.

учарсцвелы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў чэрствым; зачарсцвелы. Ласка [карова] ведала: там ляжала крута пасоленая луста трохі ўчарсцвелага хлеба. Даніленка.

учарсцвець, ‑ее; зак.

Стаць чэрствым; зачарсцвець. Хлеб учарсцвеў.

учарціць, учарчу, учэрціш, учэрціць; зак., што.

Начарціць унутры чаго‑н.; дабавіць што‑н. у чарцёж. Учарціць квадрат у прамавугольнік.