Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ура, выкл.

1. Баявы вокліч у час атакі. — Ура! — закрычалі байцы і рынуліся ў бой. / у знач. наз. Каля нямецкіх акопаў затрашчалі кулямёты, сталі часта лажыцца міны. Паднялося дружнае, напорыстае «ура». Мележ. На страсе хаты ўвесь час не змаўкаў кулямёт. Сярод гэтага гулу Коля чуў далёкае шматгалосае «ура!». Ставер.

2. Вокліч, які выражае захапленне, адабрэнне чаго‑н. Людзі кінуліся да Васіля Іванавіча, ледзь не заціснулі яго ў сваіх абдымках, падхапілі на рукі. — Родненькі! Дарагі! Ура партызанам! Лынькоў. — Пажар на Ўсходзе! Таварышы, ур-р-ра! Чарот. / у знач. наз. Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне. Смагаровіч.

•••

На ура — а) рашучай атакай з крыкамі «ура»; б) перан. з энтузіязмам, горача; в) перан. не падрыхтаваўшыся, спадзеючыся на выпадковы поспех.

ура-...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: безразважна-саманадзейны, беспадстаўна-самахвальскі, напрыклад: ура-патрыёт, ура-патрыятызм.

ура-патрыятызм, ‑у, м.

Фальшывы патрыятызм.

ура-патрыёт, ‑а, М ‑ёце, м.

Пагард. Чалавек, які ўпаў ва ўра-патрыятызм.

ураблянне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. урабляць — урабіць (у 1 знач.).

урабляцца, ‑яецца; незак.

Зал. да урабляць.

урабляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да урабіць (у 1 знач.).

урабілін, ‑у, м.

Жоўтае фарбавальнае рэчыва з групы жоўцевых пігментаў.

[Ад грэч. úron — мача і лац. bilis — жоўць.]

урабіцца, ураблюся, уробішся, уробіцца; зак.

Разм.

1. у што і без дап. Вымазацца, упэцкацца ў што‑н. [Варвара:] — Ой, дзядзька, дзе гэта вы так урабіліся? Місько.

2. Напрацавацца. [Гаспадыня:] — То, можа, вам ужо будзе сядзець, кладзіцеся... Нябось, уходаліся за дзень, урабіліся. Масарэнка.

урабіць, ураблю, уробіш, уробіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Падрыхтаваць зямлю для пасеву; абрабіць. [Дзед:] — Зямлі ў нас няшмат, ды без каня яе не ўробіш. Якімовіч. [Вяргейчык:] — Году не пройдзе — на папялішчах хаты вырастуць... І поле сваё ўробім. Сачанка. Забрукуем вуліцы, зямлю ўробім, як пух, машыны будуць араць і сеяць. Грахоўскі.

2. Вымазаць, упэцкаць у што‑н. Асцярожна пераступалі [людзі] праз пабітую цэглу, у цагляны пыл урабілі шэрыя халаты, рукі. Лынькоў. А можа яшчэ не абсохлі ногі, калі.. [Наста] ўрабіла іх у гразь, падпіхаючы ў рацэ ля спаленага моста калёсы? Пташнікаў.

3. Умацаваць, уставіць куды‑н., у што‑н. Урабіць замок у дзверы.

4. Уплесці вязаннем. Урабіць пяту ў панчоху.