Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

упад, ‑у, М ‑дзе, м.

У выразе: да ўпаду — да знямогі, да поўнай страты сіл. На «пятачку».. танцы да ўпаду — за полькай вальс, за вальсам кадрыля на дванаццаць кален. Гроднеў.

упадабаны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад упадабаць.

2. у знач. прым. Які ўпадабаўся, спадабаўся, прыйшоўся па густу. Жанкі на лавах засмяяліся, пачалі пераказваць адна адной недачутыя ці ўпадабаныя словы песні. Палтаран. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў.

упадабацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Прыйсціся па густу. [Прахор:] — Ну, глядзіце сабе, як вам — упадабаецца [хата] ці не ўпадабаецца. Зарэцкі. Шафёр нешта буркатаў сабе пад нос. Відаць, матыў нейкай новае песні ўпадабаўся яму. Кавалёў.

2. Палюбіцца, спадабацца. [Вашыновіч:] — От бо маладыя цяпер якія! Я ж кажу, няхай здаровы жывуць.. Табе яна ўпадабалася, то ты бяры яе сабе на здароўе, але будзь ты чалавекам! Чорны. Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська. Мележ.

упадабаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

упадак, ‑дку, м.

1. Пагаршэнне агульнага стану чаго‑н.; агульны распад, разлажэнне. Упадак вытворчасці пры капіталізме. Упадак буржуазнай культуры. // Моцнае аслабленне фізічных ці духоўных сіл. Упадак сіл. Упадак духу.

2. Абл. Страта. Няма статку без упадку. Прымаўка.

•••

Каб на вас упадак — каб вы падохлі, каб на вас паморак.

упаданне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. упадаць (у 1 знач.) — упасці (у 3 знач.).

упадаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да упасці (у 3 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Улівацца, уцякаць. Там, дзе ў раку ўпадае вузенькі ручаёк, я спыніўся. Ваданосаў. Неўзабаве [людзі] апынуліся каля невялікай рэчкі, якая ўпадала ў Нёман. Гурскі.

3. за кім-чым. Разм. Даглядаць каго‑, што‑н. Не ўпадаў стары ні за гаспадаркаю, ні за ўласнаю зямлёю. Лужанін. Ласкавая, дагодлівая і яшчэ рухавая кабета, [цётка Макрына] вельмі ўпадала за сваімі «нявестачкамі». Ракітны.

4. за кім. Разм. Заляцацца да каго‑н. Упадаць за дзяўчынаю.

упадачнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан упадачнага.

упадачны, ‑ая, ‑ае.

Які бывае пры ўпадку ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця. Упадачны стан капіталістычнай прамысловасці. // Які характарызуецца адсутнасцю актыўнасці ў чым‑н., веры ў што‑н. Упадачны настрой.

упадачнік, ‑а, м.

1. Выразнік эпохі ўпадку ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця.

2. Разм. Той, хто паддаўся ўпадніцкім настроям.