Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

укаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укаваць.

укаваць, укую, укуеш, укуе; зак., што.

1. Разм. Абабіць металам; акаваць. Укаваць дзверы бляхай.

2. перан. Падмарозіўшы, зрабіць цвёрдым, зацягнуць лёдам; скаваць. Сена ў нас заўсёды вывозілі сярод зімы, калі маразы добра ўкуюць зямлю. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. Раней на дварэ падмарожвала, нават зусім было ўкавала ўсю гразь і ваду. Чорны.

3. Уставіць, замацаваць што‑н. шляхам канання. Укаваць звяно ў ланцуг.

указ, ‑а, м.

Пастанова, распараджэнне вышэйшага органа ўлады, якія маюць сілу закона; дэкрэт. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. ▪ На .. вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын .. [Кавалёвай] падалі годнасць Героя Сацыялістычнай Працы. Дуброўскі. // Разм. Наказ. Расці Для шчасця На зямлі — Такі вялікі ўказ Дало жыццё нам, І яму Мы верылі спаўна. Кірэенка.

•••

Не ўказ каму — не можа служыць падставай, указаннем каму‑н., што і як трэба рабіць. — Сам ведаю, што раблю. І ты мне не ўказ, — агрызаецца Лявон. Сачанка.

указальны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўказання на што‑н. або чаго‑н. Да [горада] былі скіраваны ўсе ўказальныя знакі франтавых дарог. Грамовіч.

2. У граматыцы — які выражае ўказанне на прадмет. Указальны займеннік. Указальная часціца.

•••

Указальны палец — другі палец на руцэ паміж вялікім і сярэднім.

указальнік, ‑а, м.

Тое, што і паказальнік. Указальнік на ўзбочыне абвяшчаў: да калгаса 4 кіламетры. Гроднеў.

указанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. указаць.

2. Службовае распараджэнне, загад. Дзед Талаш .. вёў свае баявыя аперацыі самастойна або па ўказанню прадстаўнікоў падпольных камуністычных арганізацый. Колас. // Настаўленне, парада, што і як трэба рабіць. Метадычныя ўказанні. ▪ Харошка вельмі стрымана, але ўнушальна рабіў ўказанні камандзірам. Кавалёў.

3. Заўвага, паведамленне, сведчанне чаго‑н. Усе ўказанні чытачоў на .. недахопы і добразычлівую іх крытыку аўтар прыме з удзячнасцю. Юргелевіч.

указаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад указаць.

указаць, укажу, укажаш, укажа; зак.

1. з дадан. сказам. Даць указанне, настаўленне; навучыць чаму‑н. Указаць, як весці работу.

2. на што. Адзначыўшы што‑н., звярнуць на яго ўвагу; выявіць што‑н. Указаць на памылкі. Указаць на адмоўныя бакі дзейнасці.

3. што. Паказаць, назваць для ведама, кіраўніцтва. Указаць лепшы метад. ▪ Каб ніякіх не было сумненняў, Назву па-старому ўказаць Адміністрацыйнаму дзяленню. Барадулін.

4. Тое, што і паказаць (у 2 знач.). Указаць месцазнаходжанне друкарні.

указвацца, ‑аецца; незак.

1. Адзначацца, выяўляцца, паказвацца. Тут жа ўказвалася палявая пошта той часці, дзе служыў Ігар. Кулакоўскі.

2. Зал. да указваць.

указваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да указаць.