Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ужадобку, прысл.

Разм. З ахвотай. [Лабачоў:] — На зіму капусты, памідораў засалілі. Такі памідорчык зімою ўжадобку кожны з’есць. Даніленка.

ужаты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ужаць.

ужаць, ужну, ужнеш, ужне; ужнём, ужняце; зак.

1. (звычайна з адмоўем «не»). Змагчы жаць. Гэтым сярпом не ўжнеш. Жыта такое, што не ўжаць.

2. Нажаць, зжаць якую‑н. колькасць. Бацька з Захарам недзе там [жыта] калоцяць сёння, што пазаўчора ўжалі на гары ды падсушылі. Брыль.

ужо, прысл. і часціца.

1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.

2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.

3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.

4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. ▪ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.

ужывальнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ужывальнага; частата ўжывання чаго‑н. Ступень ужывальнасці варыянтаў слова.

ужывальны, ‑ая, ‑ае.

Які часта, шырока ўжываецца; агульнапрыняты. Найбольш ужывальнымі суфіксамі назоўнікаў жаночага роду з’яўляюцца наступныя: ‑к-а.., ‑антк-а. Граматыка.

ужыванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ужываць — ужыць і стан паводле знач. дзеясл. ужывацца 2; прымяненне, выкарыстоўванне. Пераноснае ўжыванне слова. ▪ Калісьці ў .. прадзеда [пана Магдановіча] ляжаў дзікі пустыр зямлі без усялякага ўжывання. Бядуля.

2. Ужытак (у 2 знач.). Знаходзіцца ва ўжыванні.

ужываны, ‑ая, ‑ае.

Які ўжо быў ва ўжытку. [Рая Коган] сказала, у якім завулку ёсць магазіны, дзе купляюць і прадаюць ужываныя падручнікі. Мядзёлка.

ужывацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ужыцца.

ужывацца 2, ‑аецца; незак.

1. Выкарыстоўвацца, прымяняцца. Ад батарэйкі, якая ўжываецца да кішэннага ліхтарыка, ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін — плюс, а другі — мінус. Карпюк. Шырока ўжываліся на Беларусі разнастайныя пасткі. «Помнікі». // Выкарыстоўвацца на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Выражаючы няпэўную множцасць, зборныя назоўнікі ўжываюцца звычайна толькі ў форме адзіночнага ліку. Граматыка.

2. Зал. да ужываць.

ужываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да ужыць 2.

2. Спажываць (як яду, піццё і пад.). — На маю долю каньяку не заказвайце, — напомніў Іван Самсонавіч. — Не ўжываю. Пальчэўскі. [Дзед Мікалай:] — Закурвай, калі ўжываеш. Якімовіч.