Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

уедлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць уедлівага. Часам Іван Васільевіч прыкмячаў залішнюю ўедлівасць і бязлітаснасць у .. расказах [Віталіі]. Шамякін.

уедлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. ▪ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.

2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. ▪ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.

3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. ▪ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.

4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.

уежна, безас. у знач. вык.

Дастаткова, багата ежы. Мядзведзю на сонцы ўлежна, Уежна каля раёў. Барадулін. Хоць не ўежна, дык улежна. Прыказка.

уезд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. уехаць (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, праз якое ўязджаюць куды‑н. «А можна ж бліжэй праехаць, — падумаў Каваль, узрадаваны здагадкай. — Напрасткі! Распачаць катлаван і пракласці трасу. Там — уезд, тут — выезд». Савіцкі. Пры ўездзе ў вёску на высокай маляўнічай арцы віселі лозунгі. Гаўрылкін.

уезджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад уездзіць.

2. у знач. прым. Утрамбаваны, убіты яздой, гладкі, ад доўгай язды. Уезджаны снег. Уезджаная дарога. ▪ Андрэй ступаў зморана, цяжка. Ногі шукалі дарогі, узбіваліся на ўезджаны грунт, гублялі яго. Пташнікаў.

уезджвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уездзіцца.

2. Зал. да уезджваць.

уезджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уездзіць (у 1 знач.).

уездзіцца, ‑дзіцца; зак.

Разм. Ушчыльніцца, утрамбавацца, стаць гладкім ад доўгай язды.

уездзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. што. Ушчыльніць, утрамбаваць, убіць яздой; выездзіць. Уездзіць двор.

2. каго-што. Утаміць, змучыць доўгай яздой: заездзіць. Уездзіць каня.

уесці, уем, уясі, уесць; уядзім, уясце, уядуць; пр. уеў, уела; заг. уеш; зак.

1. што і без дап. (пераважна з адмоўем «не»). Узяць у рот, пражаваць, з’есці. Не ўесці мяса. Сала салёнае, што не ўесці.

2. (з адмоўем «не»). Разм. Паесці. [Гвардыян:] — А гаспадарка — ёй трэба догляд. І не ўясі, не адпачнеш ніколі як людзі. Зарэцкі.

3. перан.; каго. З’едліва паддзець, укалоць. Такі ўеў Мікола скептычна настроенага да яго гістарычных вышукаў Цішку. Навуменка. Пайшлі ў разведку боем — далі фельетон у газеце. За жывое, як кажуць, уелі. Мыслівец.