Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ува, прыназ. з М.

Ужываецца замест прыназоўніка «у» перад словамі «мне», «усіх», «усім», напрыклад: ува мне, ува ўсіх, ува ўсім.

увабраны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увабраць (у 1 знач.).

увабрацца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся; пр. увабраўся, ‑бралася; зак. (пераважна ў пр. часе).

1. Пранікнуць унутр чаго‑н., паглынуцца, уцягнуцца. Дзёгаць увабраўся ў юхтовыя боты.

2. Разм. Усяліцца куды‑н. [Соня:] — Праўда, пуста яшчэ ў нас — толькі ўвабраліся. Дадзіёмаў.

3. Разм. Забрацца, залезці куды‑н. [Адам] пайшоў назад у лес, увайшоў у самую цемень, увабраўся ў гушч[а]рню і лёг на зямлю. Чорны.

увабраць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

увага, ‑і, ДМ увазе, ж.

1. Сканцэнтраванасць думак, зроку, слыху на чым‑н., накіраванасць думак. Накіраваць сваю ўвагу на вучобу. ▪ У апошнія дні [Туравец] з вялікай увагай слухаў радыё, адчуваючы, што вось-вось падыходзяць дні вялікіх падзей. Мележ. Востры боль прайшоў ужо, чалавек расплюшчыў вочы і, здаецца, упершыню з увагай агледзеў палату і сваіх суседзяў. Быкаў. І вось .. [Краўчанка] апынуўся на вуліцах сталіцы; ягоная ўвага штохвілінна пераключалася то на новых людзей, то на цікавыя будынкі, то на вітрыны магазінаў. Мікуліч.

2. Клапатлівыя, чулыя адносіны, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Карыстацца ўвагай. Сяброўская ўвага. ▪ Увагу бачаць нашага народа Будаўнікі вялікіх пабудоў. Астрэйка. [Праца дырэктара] патрабавала ўвагі да сотні вялікіх і дробных спраў. Чорны. Юрку не падабаліся ні матчыны клопаты, ні яе празмерная ўвага. Карпаў. // Цікавасць, якая праяўляецца да каго‑, чаго‑н. Не выпадковай уяўляецца цяперашняя ўвага да жанру паэмы: сам час хіне да эпічнай размовы. Лужанін. Сонца схіляецца да захаду, а пакупнікоў, вартых увагі, усё няма. Самуйлёнак.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту; заўвага.

•••

Браць (узяць) пад увагу гл. браць.

Быць у цэнтры ўвагі гл. цэнтр.

Варты (заслугоўвае) увагі — важны, каштоўны, які заслугоўвае клопатаў.

Выпусціць з-пад увагі гл. выпусціць.

Звярнуць на сябе ўвагу гл. звярнуць.

Звярнуць увагу каго на каго-што гл. звярнуць.

Звярнуць увагу па каго-што гл. звярнуць.

Мецца на ўвазе гл. мецца 1.

Мець на ўвазе гл. мець.

Нуль увагі гл. нуль.

Прыняць пад увагу гл. прыняць.

Прыцягнуць увагу гл. прыцягнуць.

Увага! — просьба, загад засяродзіцца, выслухаць і пад.

увагнаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увагнаць.

увагнаць, уганю, угоніш, угоніць; пр. увагнаў, ‑гнала; заг. увагні; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Прымусіць увайсці, убегчы куды‑н.; загнаць. Увагнаць жывёлу ў хлеў.

2. З сілай убіць, уткнуць у што‑н. Увагнаць рыдлёўку ў зямлю. ▪ Шавец з маху ўвагнаў цвік у абцас. Васілёнак. [Яўген] павольна ўзяў сякеру, што стаяла ля маіх ног, узмахнуў і з разгону глыбока ўвагнаў яе ў пянчук. Савіцкі.

3. перан. Давесці каго‑н. да якога‑н. стану (звычайна непрыемнага). Увагнаць у расходы. ▪ Маці крыху ўпіралася, даводзіла, што навука ў сухоты мяне ўгоніць, але хутка здалася. Мядзёлка. Добра .. [дзяўчаты] спявалі, прыемна было слухаць, але як завялі адну песню старую, дык аж у слёзы ўвагналі Ганну. Дубоўка.

•••

Увагнаць у магілу (у труну, у дамавіну, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) (гл. загнаць).

Увагнаць у пот — прымусіць многа і напружана працаваць (да поту).

Увагнаць у чырвань — засароміць, прымусіць пачырванець.

увагнутасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць увагнутага (у 2 знач.).

2. Увагнутае месца, угін.

увагнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад увагнуць.

2. у знач. прым. Які мае паверхню з угінам; проціл. выпуклы. Увагнутае люстра. Шапка з увагнутым верхам.

увагнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Прагнуцца ўнутр, утварыць паглыбленне. Хісткая, прашмуляная нагамі ступенька ўвагнулася і заенчыла пад яго [Пятрэся] ботам. Арочка. Стукнуў .. [сярэдні брат] сваёю булавою, — вароты толькі ўвагнуліся. Якімовіч.

2. Сагнуцца пад цяжарам чаго‑н.; згорбіцца. [Пушкарэвіч:] — Пастушок лямантуе, аж заходзіцца, а .. [воўк] увагнуўся, цягне на плячах авечку і ў вус не дзьме. Гурскі. / у перан. ужыв. Вадаспад тае славы сыплецца, сыплецца градам, А ён [чалавек] увагнуўся і скурчыўся — маленькі пад тым вадаспадам. Сіпакоў.