Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...тэка, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае памяшканне, сховішча для таго, аб чым гаворыцца ў першай частцы слова, напрыклад: бібліятэка, картатэка, фільматэка.

[Грэч. thēkē — ёмішча, скрынка.]

тэ, нескл., н.

Назва літары «т».

тэабрамін, ‑у, м.

Лекавы прэпарат, алкалоід, які знаходзіцца ў чаі, зернях какавы і выкарыстоўваецца як сасударасшыральны і мачагонны сродак.

тэагонія, ‑і, ж.

Міфы аб паходжанні і радаслоўнай багоў.

[Грэч. theos — бог і goneia — нараджэнне.]

тэадаліт, ‑а, М ‑ліце, м.

Геадэзічны інструмент, які выкарыстоўваецца для вымярэння на мясцовасці гарызантальных і вертыкальных вуглоў. Перастаўляючы тэадаліт з месца на месца, .. [Васіль], як фатограф, нагінаўся над сваім апаратам, глядзеў у манакуляр, нешта запісваў у свой блакнот. Дуброўскі. Дзялілі на дваіх Салдацкі хлеб, З тэадалітам і сталёвай лентай Вымерваючы казахстанскі стэп. Аўрамчык. / у вобразным ужыв. Першую сцежку прасеклі, І па імшарах пакрочыў З намі, як чапля балотная, Тэадаліт. Танк.

[Грэч. theaomai — разглядаю і dilochos — доўгі.]

тэадалітны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэадаліта; які робіцца пры дапамозе тэадаліта. Тэадалітная здымка.

тэадалітчык, ‑а, м.

Той, хто працуе з тэадалітам. — Маўчаць тэадалітчыкі, — сказаў Лёня. — Здаецца, не крывім лініі. Гроднеў.

тэакратычны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэакратыі, з’яўляецца тэакратыяй. Тэакратычная манархія.

тэакратыя, ‑і, ж.

Форма кіравання, пры якой палітычная ўлада належыць духавенству.

[Грэч. theos — бог і krátos — сіла, улада.]

тэалагічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэалогіі, звязаны з вывучэннем тэалогіі. Яго [Сматрыцкага] глыбока аргументаванае мысленне не ўкладвалася ў вузкае рэчышча тэалагічных догмаў, і свае тэарэтычныя довады, накіраваныя супраць незаконнай, злачыннай дзейнасці каталіцка-уніяцкіх ідэолагаў, ён чэрпаў з сусветнай літаратурнай скарбніцы і звычаёвага народнага права. «Полымя».