Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

тхараня і тхаранё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня тхара.

тхаровы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з футра тхара. Тхаровае футра. ▪ [Пятрусь] цяжка дыхаў, шморгаў чырвоным прастуджаным носікам і ўсё адпіхваў з вачэй аблезлую тхаровую шапку. Місько.

тхарына, ‑ы, ж.

Мяса тхара. Тхарыны сабакі не ядуць.

тхарыны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тхара, належыць тхару. Тхарыная нара. ▪ А Кастусёк даўно гатовы — У іх [з дзядзькам] раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.

2. Які нагадвае тхара. [Клопікаў] стаяў дзе-небудзь ля дошкі з аб’явамі і, выцягнуўшы тхарыны тварык, не чытаў, а ўчытваўся ў чарговы загад. Лынькоў. // перан. Востры, злосны, калючы (пра вочы). Але вось чалавек скончыў пісаць, паклаў на стол ручку-самапіску, паглядзеў на хату маленькімі тхарынымі вочкамі. Сачанка. Бляск у тхарыных вачах [Глушака], як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Мележ.

тхаць, ‑ае; безас. незак., чым.

Разм. Патыхаць, несці, веяць чым‑н. Было тут зацішна, але холадна: сцюдзёнасцю тхала ад настылага току, скразнякі гулялі пад страхой. М. Стральцоў. Васілінка з маці пераступаюць парог хаты. Тхае прэлымі анучамі, нечым кіслым. Ус.

тхлань, ‑і, ж.

Разм.

1. Балоцістае месца. — Колькі ворагаў не дайшло, загінула ў дрыгве, у бяздоннай тхлані: і коннікаў ханскіх, і тых крыжакоў, і тых гітлераўцаў, — закончыў .. [Зыгмусь] пераканана, зірнуў у бясконцую далечыню супрацьлеглага берага і задумаўся, быццам прыпамінаючы нешта. В. Вольскі.

2. Гніль, цвіль, сырасць. Пахла травамі, прэлаю парою, тхланню. Сачанка.

тхло, ‑а, н.

Разм. Тхліна. Дзень нарадзіўся. Сонца ўзышло. Дыміўся ў росах стэп; з сырых балот Цягнула тхлом. Кірэенка.

тхліна, ‑ы, ж.

Тухлы, гнілы пах. За змену целагрэйкі прамакалі навылёт і пачыналі пахнуць нейкаю балотнаю тхлінай. Грахоўскі.

тхнуць, ‑не; безас. незак., чым.

Несці, патыхаць, перадавацца па паветры (пра пахі). З возера тхнула ілам, прэллю водарас[цей], тхнула рыбаю, якой шмат-такі загінула. Броўка. Мы адчынілі пуньку. Тхнула трухой леташняга сена. «Маладосць». З далечыні тхнула асмалкамі. Чорны. / у перан. ужыв. Зноў, як і колісь, ад слоў [мужа] тхнула такой пагардай, што захацелася закрычаць. Місько.

тхор, тхара, м.

Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства куніцавых з каштоўным футрам. // Футра гэтай жывёліны.