Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

трава, ‑ы; мн. травы, траў; ж.

Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.

•••

Трава травой — пра нясмачную яду.

Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

трава...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «трава», напрыклад: травасеянне, травасумесь.

траваедны, ‑ая, ‑ае.

Які корміцца расліннай ежай (пра жывёл).

траваполле, ‑я, н.

Севазварот з перыядычным травасеяннем на полі для аднаўлення ўрадлівасці глебы.

травапольны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да траваполля. Травапольны севазварот, Травапольная сістэма.

травасеянне, ‑я, н.

Сеянне кармавых траў.

травастой, ‑ю, м.

Травяное покрыва лугоў, сенакосу, пашы. Высокі травастой.

травасумесь, ‑і, ж.

Змешанае сеянне розных злакавых і бабовых кармавых траў, а таксама сумесь насення для такога сеяння.

травень, ‑я, м.

Устарэлая назва месяца мая. Прайшло яшчэ некалькі летаў і зім. Быў травень. Асветлены кветкамі сад. Броўка.

травеньскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да травеня, які адбываецца ў травені. Быў, помніцца, ясны травеньскі вечар. Караткевіч.