Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

тапо́ля, ‑і; мн. тапо́лі, ‑яў; ж. і то́паль, ‑я і ‑ю; мн. то́палі, ‑яў; м.

1. ‑і, ж. і ‑я, м. Дрэва сямейства вярбовых. Пірамідальная таполя. ▪ Ціха пашумлівала .. лістамі маладая таполя. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Лабановіч] заўважыў: летам у гарачы дзень падае снег! Гэта цвілі таполі і іх белы пух плаваў на ветры. Колас. Топаль, хоць і цвіце, насення не дае. «Беларусь».

2. ‑і, ж. і ‑ю, м.; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

тарпа, ‑ы; мн. торпы, ‑аў; ж. і торп, ‑а; мн. тарпы, ‑оў; м.

Вялікая сцірта снапоў або саломы, складзеная асобым спосабам для захоўвання пад адкрытым небам. — А што гарыць? — Тарпы... — Немалочаныя тарпы? — ахнуў Амелька не сваім голасам. Якімовіч.

то 1, злучнік пералічальна-размеркавальны.

1. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з’яў, прадметаў з папераменным чаргаваннем. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка. То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок. Колас. Рупліва чокаюць сякеры, шоргае .. піла, чуваць то смех, то галасы: — Раз, два — узялі! Брыль. Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст. Лось. [Дзямід:] — Жыццё спяшаецца, толькі паспявай за ім! То адзін прыдумаў нешта новае, то другі здолеў апярэдзіць час... Паслядовіч.

2. Уваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў: а) «ці то... ці то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем меркавання, развагі. З левага боку ад дзвярэй вісела ці то дыяграма, ці то нейкая схема. Васілёнак. Ці то яшчэ па яве, ці то ўжо ў сне залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя песні. Пестрак. Ці то воз быў занадта цяжкі, ці то лёд пад вясну аслабеў, але ўся фурманка з кон[ьмі] .. шухнула пад лёд. Корбан; б) «не то... не то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем няпэўнасці, сумнення. Збоку да парома прычэплена не то лодка, не то човен. Парахневіч. — Цікава, з якога атрада? — не то сам сабе, не то Кузьме Міхайлавічу сказаў Злобіч. М. Ткачоў. Сам Іпалітаў быў аднекуль здалёк — не то з Прыбалтыкі, не то з яшчэ далейшых краёў. Паўлаў. Спіць Парфен, галаву кажушком накрыўшы. Не то будзіць яго, не то не будзіць. Лобан.

3. Ужываецца ў складаназалежных сказах у якасці суадноснага слова ўмоўных, часавых, прычынных і супастаўляльных злучнікаў. Каб трошкі спазніліся хлопцы, то ўжо не засталі б лесніка дома. Пальчэўскі. — Калі жыць ды не працаваць, то і жыць не трэба, — казаў мне бацька. Паўлаў. Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія памеры. Колас. / У якасці суадноснага слова ў галоўным сказе пры адсутнасці злучніка ў залежным. [Курыльчык:] Ты не хочаш прэміі, то і не бяры .. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся. Крапіва. — На склад дык на склад, — усміхаецца сумна Міхась, — не прывык, то прывыкну. Брыль. [Тварыцкі:] — Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў. Чорны.

•••

А не то (дык) гл. а 2.

А то гл. а 2.

Ды і то гл. ды 1.

І то — а) гл. і 3; б) злучнік — але, аднак, нягледзячы на. Конь на чатырох нагах — і то спатыкаецца. Прыказка.

то 2, часціца.

Ужываецца ў пачатку сказаў, якія абагульняюць, рэзюміруюць ці тлумачаць тое, аб чым гаварылася раней. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкаецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Пытляваны:] Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас. Крапіва. // У значэнні ўказальнага займенніка «гэта». Ой не плакалі ў полі бярозы, Не цвіла над ракою каліна, — То раняла гарачыя слёзы Маладая ўдава Кацярына. Трус. Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына. Ваданосаў.

то-бок, злучнік паясняльны.

Уст. Гэта значыць.

то-та, часціца.

Разм.

1. Ужываецца ў простай мове для пацвярджэння чаго‑н., якога‑н. заключэння. [Нічыпар:] — Ды і перад кім я хвалюся? Атаманавіч што — чужы? [Маці:] — Ды не чужы, не чужы. — То-та. А я і перад чужым не змоўчу. Паўлаў. [Васіль:] — І Міканор — «справядлівы» такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічога, [я]шчэ можа справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун! Толькі цяпер — не выкруціцца! Мележ.

2. Ужываецца з далучэннем часціны «ж» для выказвання перасцярогі. пагрозы. То-та ж, глядзі! ▪ — Што ты, дзеду, ды я ж снайпер, Маху не даю. — То-та ж, браце. Помні, знай жа Дабрату маю! Колас.

тога, ‑і, ДМ тозе, ж.

Гіст. У старажытных рымлян — верхняе мужчынскае адзенне, доўгі плашч без рукавоў.

•••

Убірацца ў тогу гл. убірацца.

тоеснасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць тоеснага. Тоеснасць вывадаў. Тоеснасць з’яў.

2. Спец. Роўнасць, якая справядліва пры любых лікавых значэннях знакаў, што ўваходзяць у гэтую роўнасць.

тоесны, ‑ая, ‑ае.

Зусім падобны, аднолькавы, такі ж. Тоесныя ўмовы. Тоесныя з’явы. ▪ Родная зямля, родны край — паняцці ў Багдановіча тоесныя. Лойка.

той, таго́, м.; та́я, той, ж.; то́е, таго́, н.; мн. ты́я, тых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, якія знаходзяцца не перад вачамі, не побач, а аддалены ў прасторы і часе, як падобныя ім; проціл. гэты (у 1 знач.). На той бок вуліцы. ▪ З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які непасрэдна папярэднічаў гэтаму моманту або непасрэдна прымыкае да яго. Скуратовіча ў той дзень дома не было: апошнімі днямі ён нават часам і не начаваў дома. Чорны. Родная хата здавалася чужою. Часам цягнула паглядзець на яе, але гаспадар заўсёды бурчаў: — Што ты там забыў? На тым тыдні сходзіш. Асіпенка. // Паказвае на адрэзак часу, у які адбываецца што‑н. У тыя дні, мае сябры, Цямнелі грозна далі. Глебка. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. І сапраўды: як мог знікнуць малы ў той час, калі ён натрапіў на пэўны след старэйшага брата, якога ён, відаць, шукаў? Якімовіч.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаецца з ліку іншых. Не спалі толькі тыя раненыя, у якіх балелі раны. Шамякін. Той вулачкі, дзе мы некалі жылі з мамай, ужо няма. Шыловіч. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж.; то́е, таго́. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны. // Паказвае на адзін прадмет, асобу з двух або некалькіх падобных пры іх пералічэнні або супастаўленні (са словамі «гэты», «іншы» і пад.). Тым або іншым спосабам. З таго ці другога боку. ▪ [Палянцаў] думаў пра Таню, не пра гэту, што засталася пад дажджом на вуліцы гарадка з невыказным позіркам, а пра тую — далёкую, юную, якая каханнем сваім асвяціла, напэўна, усё яго жыццё... Ракітны. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж., то́е, таго́, н. [Міхал:] — Хіба ён [пан] літасць, сэрца мае? Ўжо двух у службу запрагае: Адзін на рыбу — той у адборку... Колас.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней. — Мінск... — задумліва і задушэўна, як імя таварыша, вымавіў Сонцаў. — Хацеў бы я паглядзець, які той Мінск цяпер. Мележ. — Ці не знойдзецца ў вас сена прадаць хоць пудоў колькі? — запыталася .. [незнаёмая] .. — Дзе тое ў нас сена, — адказала Вера Мікалаеўна. Крапіва. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж., то́е, таго́, н. (звычайна ў спалучэнні з узмацняльнай часціцай «і»). Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Падняўшыся на насочкі,.. [Таццяна] ўбачыла на адным возе Любу. Тая сядзела каля кулямёта і аб нечым паціху гаварыла з маладым партызанам. Шамякін. // Выкарыстоўваецца для ўказання на асобу, прадмет, якія прыводзяцца як прыклад да сказанага раней. Узяць хоць бы таго ж бацьку ці маці, якія ўвесь час раілі паступаць вучыцца.

4. у знач. наз. той, таго́, м. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова. Бацькі займаліся гаспадаркай, мяне нічога не прымушалі рабіць, а я таму і рада была.

5. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет. Добрая дзяўчына тая Волька. ▪ [Нявідны] ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. Колас. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.

6. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»). Цераз тое ж сухое балота атрад Паўленкі адышоў у лес. Шамякін. Той самы завод з высокім чорным комінам глянуў на іх знаёмымі абрысамі. Тыя самыя дамы, тыя самыя баракі. Пестрак. Формы вышэйшай ступені параўнанняў прыметнікаў паказваюць, што данаму прадмету якасць ўласціва ў большай ці меншай ступені, чым іншаму прадмету, або таму ж самаму прадмету, але пры іншых абставінах ці ў іншы час. Граматыка.

7. Уваходзіць у састаў: а) складаных злучнікаў: «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «да таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што», «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі» і інш.; б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.

8. то́е, нескл., н. Выкарыстоўваецца як указальнае слова на мяжы двух сказаў, з якіх другі з’яўляецца тлумачэннем першага. — Вы да мяне? — адразу запытаў Галаўня. Сцяпан .. адказаў: — Да вас. Прыйшоў падзякаваць за тое, што падвезлі. Гроднеў. Віно мы залатое п’ём за тое, Каб і жыццё было век залатое. Панчанка.

•••

Больш таго гл. больш.

Гнаць на той свет гл. гнаць.

Загнаць (увагнаць, звесці) на той свет гл. загнаць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І без таго — і так, і так ужо. Пачарнела і рака. Шточасна поўнячыся новымі водамі з палёў і лугоў, яна быстраю плынню падточвала і без таго кволы лёд. Краўчанка.

Ісці на той свет гл. ісці.

І ў той бок не глядзець гл. глядзець.

Калі на тое пайшло гл. пайсці.

Мала таго гл. мала.

На той час гл. час.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не без таго — бывае і так.

Не бываць таму гл. бываць.

Не з таго канца гл. канец.

Не з той оперы гл. опера.

Не на таго напаў (натрапіў, нарваўся) гл. напасці.

Не ў той бок глядзець (пазіраць) гл. глядзець.

Ні з таго ні з сяго — без яўнай прычыны.

Ні тое ні другое; ні тое ні сёе — пра каго‑, што‑н. няпэўнае, што не мае ярка выражаных уласцівасцей, асаблівасцей. Сапраўдны мужчына — заўсёды рыбак і паляўнічы. А ён, Андрэй, ні тое ні другое. Мехаў.

Няма таго, каб (з інф.) гл. няма.

Самы той! (іран.) гл. самы.

Тое-сёе; той-сёй; тое ды сёе — выкарыстоўваецца замест пераліку розных прадметаў, акалічнасцей і пад. На .. [Пятра] той-сёй паглядваў ужо з загадкавай усмешкай. Ракітны.

Той свет гл. свет.

Той ці іншы — хто-небудзь, які-небудзь.

Устаць не з той нагі гл. устаць.

У тым выпадку, калі... гл. выпадак.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Як на тое ліха гл. ліха 1.

Як той казаў гл. казаць 1.

ток 1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. ▪ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (токі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. ▪ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток 2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток 3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.