Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

твань, ‑і, ж.

Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.

тваністы, ‑ая, ‑ае.

Багністы, гразкі, у якім можна лёгка загразнуць, увязнуць. А месца тут было балотнае, тваністае. Чарнышэвіч.

твар, ‑у, м.

1. Пярэдняя частка галавы чалавека. Салдаты і афіцэры выціралі з загарэлых твараў пот. Мележ. Высокая .. [Алена] была, поўная, жыццярадасная, з такім добрым, прыгожым тварам... Нікановіч. Люба, падстаўляючы .. [ветру] твар, жмурылася і ціхенька смяялася сама сабе. Васілевіч.

2. перан. Індывідуальнае аблічча, выгляд, характэрныя рысы каго‑, чаго‑н. Твар горада. ▪ Калектывізуючы сваю зямлю, сяляне спрэс і да самага карэння зменьваюць самы твар зямлі і ўсё жыццё на ёй. Чорны.

•••

Ведаць у твар гл. ведаць.

Змяніцца з твару гл. змяніцца.

З твару — тварам быць падобным да каго‑н., маладым, прыгожым і пад. [Зосін бацька:] — Галена? Яна ў бацьку пайшла: і з твару на яго падобная і з голасу нават. Чорны.

Кроў ударыла ў твар гл. кроў.

Мяняцца з твару гл. мяняцца.

На твары напісана гл. напісаны.

(Не) да твару — а) (не) ідзе каму‑н. што‑н. Белае плацце прыйшлося .. [Крысціне] да твару. Васілевіч; б) (не) прыстойна каму‑н. так, (не) адпавядае чыйму‑н. становішчу. У пісаравым поглядзе не адбілася ні ветлівага здзіўлення, ні робленай радасці: Васількевіч глядзеў на свайго суседа, як на блазна, з якім яму, пісару, кампанаваць не да твару. Колас. Хацелася падысці да .. [жонкі], моцна абняць і пацалаваць так, як некалі ў маладосці. Аднак і гэтага не зрабіў [Міхал Андропавіч] — пасаромеўся: юнацкі ўчынак не да твару яму, старому. Шамякін.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.

Ні крывінкі ў твары гл. крывінка.

Плюнуць у твар гл. плюнуць.

Спасці з твару гл. спасці.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Твар выцягнуўся — пра здзіўленне, расчараванне, прыкрасць, што адбіваюцца на твары.

Твар гарыць — пра стан моцнага хвалявання, узбуджэння.

Твар свеціцца — быць вельмі задаволеным.

Твар у твар; тварам у твар; тварам да твару — побач, вельмі блізка (стаяць, сустрэцца, бачыць і пад.).

У твар — адкрыта, у прысутнасці каго‑н. або прама звяртаючыся да каго‑н. (гаварыць што‑н., смяяцца і пад.).

тварог, ‑рагу, м.

Прадукт харчавання, які атрымліваецца з кіслага малака пры аддзяленні ад яго сыроваткі пасля адтоплівання. Тлусты тварог. ▪ Маці есці пакідала Ды йшла ў камору па другое, Яшчэ больш смачнае, ядкое, І тарабаніла сюды Для заканчэння ўжо яды Тварог, запраўлены смятанай. Колас.

тварожны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тварагу. Тварожная маса. // Прыгатаваны з тварагу. Тварожны пудынг. Тварожны сыр.

2. Звязаны з вырабам тварагу. Тварожны цэх малочнага завода.

тварожнік, ‑а, м.

Печаная невялікая аладка з тварагу; сырнік. Нехта ўжо запрашаў другога пакаштаваць тварожнікаў, ці блінцоў, ці вяндлінкі, ці сухой каўбаскі. Хадкевіч.

тварожніца, ‑ы, ж.

Пасудзіна для тварагу.

тварожысты, ‑ая, ‑ае.

Падобны знешнім выглядам на тварог. Тварожысты асадак.

тварожыцца, ‑жыцца; незак.

1. Ператварацца ў тварог (пра малако).

2. Зал. да тварожыць.

тварожыць, ‑жу, ‑мыш, ‑жыць; незак., што.

Квасіць малако для атрымання тварагу. Тварожыць малако.