Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

сяголета, і сёлета, прысл.

У гэтым годзе. А большаму хлопчыку восем Якраз паслязаўтра міне, І ў школу ён пойдзе сяголета ўвосень. Зарыцкі. [Іван Антонавіч:] — Сёлета журавін хоць граблямі заграбай. Кірэйчык. // Гэты год; цяпер. Пчаляр кажа. — Слухайце, людзі, Пчаліны сяголета год. Бялевіч. А калі апомніўся, Ён [бацька] прамовіў так: «Ну і лета сёлета, Ну і спеката!..» Тарас.

сяголетні і сёлетні, ‑яя, ‑яе.

Гэтага года. Сяголетняя вясна. Сёлетні ўраджай. ▪ Між сяголетніх ліп і бяроз Праязджае са збожжам абоз. Астрэйка. Сёлетнім сухім летам гародчык-глінішча амаль апусцеў. Пташнікаў.

сяго́ння і сёння, прысл.

1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.

2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. ▪ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. ▪ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.

сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.

2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».

•••

Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.

сёдзельнік, ‑а, м.

Майстар, які робіць сёдлы.

сёе-тое, сяго-таго, займ. неазн., н.

Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.

сёй-той, сяго-таго, займ. неазн., м.

Разм. Некаторыя (нямногія) людзі. Па бацьку ў нас велічалі толькі настаўніка. Ды і то не мы, а сёй-той са старэйшых. Якімовіч. Сёй-той ведаў аб сакрэце могілак, некаторыя здагадваліся. Лынькоў. // Нехта (каго не жадаюць называць). Гэту простую ісціну не шкодзіла б засвоіць і сяму-таму з нашых сучасных маладых пісьменнікаў. Бугаёў.

сёлета,

гл. сяголета.

сёлетні,

гл. сяголетні.

сёмга, ‑і, ДМ ‑мзе, ж.

Каштоўная прамысловая рыба сямейства ласасёвых з мясам ружовага колеру. // толькі адз. Мяса гэтай рыбы як страва. [Таня] памагла раскласці на стол тое, што прынеслі ў сумках: сёмгу, заліўную рыбу. Грамовіч.