Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

сюд-туд, прысл.

Разм.

1. Раз-пораз, вельмі часта. Шэрая вязаная хустка з пушком абдымала яе плечы. Жанчына сюд-туд папраўляла хустку, нацягваючы яе ўверх. Пестрак. Гарасім сюд-туд кідаў вокам на маю работу. Якімовіч.

2. Узад і ўперад, з аднаго боку ў другі. Мы з рэдактарам шпацыравалі сюд-туд па калідоры. Сабаленка. На досвітку цягач з важкім трохвугольнікам двойчы прайшоў сюд-туд і прабіў дарогу з аэрадрома ў Міхалі. Алешка. // З аднаго месца ў другое. Я хацеў зноў прылегчы і пачаў папраўляць ватоўку. «Дзе ж рэчавы мяшок?» — махнуў я рукою сюд-туд. Няма. С. Александровіч.

сюдой і сюдою, прысл.

Абл. У гэтым напрамку, у гэты бок. — З коньмі сюдой не пралезеш! — сказаў Серада. Брыль.

сюды, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

сюды-туды, прысл.

1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.

2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.

3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.

сюдэй і сюдэю, прысл.

Абл. У гэтым напрамку, у гэты бок. Я сюдэй пайду, — сказаў .. [чалавек], паказаўшы рукой у прасцяг сцежкі на ўзгорак, за якім мясціліся вясковыя гумны. Галавач.

сюжэт, ‑а, М ‑жэце, м.

Сукупнасць звязаным паміж сабой дзеянняў, падзей, у якіх раскрываецца асноўны змест мастацкага твора і характары дзеючых асоб. Большасць апавяданняў Змітрака Бядулі не мае развітога сюжэта. Каваленка. // Тэма, прадмет, што паказваецца ў карціне, музычным творы і пад. Настаўнік паведамляе вучням тэму і мэту ўрока і прапануе ім разгледзець малюнкі.., прадумаць пытанні пад малюнкамі і сюжэт серыі малюнкаў. Самцэвіч. // Разм. Тэма, прадмет (размовы і пад.).

[Фр. sujet.]

сюжэтна, прысл.

У адносінах сюжэта, па сюжэту. Задума не вырашалася сюжэта, эпічна, між тым як логіка задумы вымагала гэтага. М. Стральцоў. І ў той жа час [раздзелы, сцэны аповесці], сюжэтна дапаўняючы адзін аднаго, арганічна зліваюцца ў адзінае цэлае. «Беларусь».

сюжэтнасць, ‑і, ж.

Наяўнасць сюжэта (звычайна займальнага); уласцівасць, якая надаецца сюжэтам. Той факт, што пісьменніка менш за ўсё цікавілі ўзаемаадносіны характараў.., не мог не прывесці да паніжэння сюжэтнасці ў творах. Каваленка.

сюжэтны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сюжэта. Сюжэтныя лініі рамана. ▪ Тэма зямлі ў паэме [«Новая зямля» Я. Коласа] мае іншы сюжэтны варыянт у параўнанні з вершаваным апавяданнем. Гіст. бел. сав. літ.

2. Такі, што мае сюжэт (звычайна займальны). Верш [Я. Купалы «Я — калгасніца...»] сюжэтны, празрысты, цёплы лірызм ідзе побач з эпічнасцю. Навуменка. [Грэчка:] — Я люблю сюжэтныя сны. Няхай.

сюзерэн, ‑а, м.

1. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — буйны феадал, які з’яўляўся гасударом у адносінах да залежных ад яго васалаў.

2. У міжнародным праве — дзяржава, у адносінах да якой іншая дзяржава знаходзіцца ў васальнай залежнасці.

[Фр. suzerain.]