Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

сэдас, ‑а, м.

Абл. Месца жыхарства, сяліба; котлішча. Трэба было вяртацца назад, у горад. Але .. [Язэпа] цягнула на стары бацькаў сэдас. Асіпенка.

сэнс, ‑у, м.

1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. ▪ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.

2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.

•••

У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.

У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.

сэнсаадрознівальны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць сродкам сэнсавага адрознення аднаго чаго‑н. ад другога. Сэнсаадрознівальная функцыя гукаў. Сэнсаадрознівальная прыкмета.

сэнсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сэнсу (у 1 знач.), звязаны з унутраным зместам, значэннем чаго‑н. Сэнсавыя адценні. Сэнсавая характарыстыка слова. ▪ Але новая сцэна — пераход Хартановічам і Міхалковічам граніцы,.. — нам здаецца лішняй. Яна толькі замаруджвае дзеянне, сэнсавая нагрузка яе вельмі нязначная. Кудраўцаў.

сэр, ‑а, м.

1. Тытул баранета ў Англіі; асоба, якая носіць гэты тытул.

2. Пачцівы зварот да мужчыны ў Англіі, ЗША і іншых англамоўных краінах.

[Англ. sir.]

сэрум, ‑у, м.

Сываратка крыві.

[Лац. serum.]

сэрца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэрца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэрца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

сэрцабіцце, ‑я, н.

Пачашчанае біццё сэрца (ад хвалявання, хваробы, хуткага руху і пад.).

сэрцавед, ‑а, М ‑дзе, м.

Знаўца чалавечага сэрца, душэўных рухаў чалавека. Вольга Віктараўна заліваецца смехам. — Ах вы, псіхолаг-сэрцавед! — у гэтых словах яе чуваць скептыцызм. Колас.

сэрцаведка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Жан. да сэрцавед.