Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...сортны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: такога сорту, які ўказаны ў першай частцы слова, напрыклад: першасортны, высакасортны.

...соценны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая ўносіць значэнне: які змяшчае столькі соцень, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: трохсоценны, васьмісоценны.

собалевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да собаля. Собалевы след.

собалегадовец, ‑доўца, м.

Спецыяліст на собалегадоўлі.

собалегадоўля, ‑і, ж.

Гадоўля собаляў на зверафермах.

собалегадоўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да собалегадоўлі, звязаны з собалегадоўляй. Собалегадоўчая гаспадарка.

собалеў, ‑ева.

Які належыць собалю. Собалеў хвост.

собаль, ‑я, м.

1. Невялікі драпежны звярок сямейства куніцавых з каштоўным футрам бурай афарбоўкі.

2. Футра гэтага звярка. Абшыты собалем каўнер.

собіць, ‑біць; безас. зак., каму.

Абл. Прыйсці ў галаву, навесці на думку зрабіць што‑н. нечаканае. — Собіла ж мне выбрацца ў гэткае разводдзе ў дарогу, — дакараў сябе англічанін. Сачанка. Кастусь дзівіўся і недаўмяваў: собіла ж некалі вось так сяліцца людзям. Даніленка.

сованне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. соваць і совацца.