Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

сеанс, ‑а, м.

1. Публічная дэманстрацыя ці паказ чаго‑н. у вызначаны прамежак часу. Сеанс паказу мадэлей. ▪ Да пачатку сеанса было з паўгадзіны. Шыцік. І на прасёлачных дарогах, Вячэрні скончыўшы сеанс, Паіў і пасвіў ён [механік] гнядога Да самай поўначы не раз. Калачынскі.

2. Выкананне чаго‑н. (работы, лячэння і пад.) ва ўстаноўлены прамежак часу, а таксама прамежак часу, у які адбываецца што‑н. Сеанс гіпнозу. ▪ [Сяргей:] — Я партрэты хутка раблю, тры-чатыры сеансы — і гатова. Рэшту дапрацую без арыгінала. Машара.

сеансер, ‑а, м.

Асоба, якая дае, праводзіць сеанс (у 1 знач.).

севазварот, ‑у, М ‑роце, м.

Сістэма паляводства з паслядоўным, перыядычным чаргаваннем пасяўных культур на адным і тым жа полі. Ён [Лемяшэвіч] сам раней меў не надта глыбокае ўяўленне аб севазвароце і, колькі ні чытаў пра гэта, ніяк не мог запомніць чаргаванне культур. Шамякін.

севазваротны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да севазвароту.

севазмена, ‑ы, ж.

Сістэма чаргавання пасяўных культур без цвёрдага севазвароту.

севярын, ‑у, м.

Спец. Тэмпературастойкі метал.

сегмент, ‑а, М ‑нце, м.

1. Частка круга, абмежаваная дугой і яе хордай, а таксама частка шара, аддзеленая сякучай плоскасцю. // Фігура ці прадмет такой формы. Сегмент круга. Сегмент шара. Сегмент корпуса прэса.

2. Адзін з аднародных участкаў (членікаў), з якіх складаецца цела некаторых жывёл. Сегмент чарвяка.

3. Адзін з некалькіх аднародных участкаў, з якіх складаюцца некаторыя органы, часткі цела і пад. Сегмент пазванка.

[Ад лац. segmentum — адрэзак, палоса.]

сегментальны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сегментарны.

сегментарны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з сегментаў (у 2, 3 знач.). Сегментарныя органы.

сегментацыйны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сегментацыі (у 2 знач.).