Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

са, (гл. з 2), прыназ. з Р, В і Т.

Ужываецца замест прыназоўніка «з» перад словамі, якія пачынаюцца са збегу зычных, дзе першымі з’яўляюцца «с», «з», «ж», «ш», «м», напрыклад: са славай, са зруба, са жменьку, са шчыта, са мною.

са..., прыстаўка (гл. с...).

I. Выкарыстоўваецца пры ўтварэнні дзеясловаў замест прыстаўкі «с...»: 1) перад двума і больш зычнымі, напрыклад: сабраць, сагнаць, сарваць, саставіць; 2) перад зычнай з наступным «ь» або апострафам, напрыклад: салью, сальеш, саб’ю, саб’еш.

II. Выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць сумеснасць дзеяння, напрыклад: сааўтар, саўдзельнік, сааўтарскі.

саам,

гл. саамы.

саамка,

гл. саамы.

саамскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саамаў, які належыць, уласцівы, ім. Саамская мова. Саамскі быт, Саамскія песні.

саамы, ‑аў; адз. саам, ‑а, м.; саамка, ‑і, ДМ ‑ыцы; мн. саамкі, ‑мак; ж.

Народнасць, якая насяляе Кольскі паўвостраў, а таксама поўнач Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі.

сааўтар, ‑а, м.

Асоба, якая сумесна з кім‑н. з’яўляецца аўтарам літаратурнага, мастацкага, навуковага твора, адкрыцця ці вынаходства. Сааўтар сцэнарыя. Сааўтар праекта помніка. Сааўтар манаграфіі.

сааўтарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сааўтара, сааўтарства. Сааўтарскі ганарар.

сааўтарства, ‑а, н.

Сумеснае аўтарства. Ды неўзабаве, менш як праз два гады, Алесь адчуў асалоду творчасці зусім самастойнай, без усякага сааўтарства, без зайздрасці нават да Толі. Брыль.

сабадыла, ‑ы, ж.

Расліна сямейства лілейных, настойка і адвар насення якой выкарыстоўваюцца супраць паразітаў жывёл і чалавека.