Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рэ, нескл., н.

Другі гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

рэ...

Прыстаўка, якая абазначае: 1) аднаўленне або паўторнасць дзеяння, напрыклад: рэканструкцыя, рэтрапеляцыя; 2) процілеглае дзеянне або супрацьдзеянне, напрыклад: рээвакуацыя, рээміграцыя.

рэабілітаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэабілітаваць.

рэабілітавацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак. і незак.

1. Атрымаць (атрымліваць) рэабілітацыю.

2. толькі незак. Зал. да рэабілітаваць.

рэабілітаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.

2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.

рэабілітацыя, ‑і, ж.

1. Аднаўленне чысціні імя, рэпутацыі беспадстаўна абвінавачанай асобы.

2. Аднаўленне ў ранейшых правах асобы, беспадстаўна прыцягнутай да судовай адказнасці.

[Лац. rehabilitatio.]

рэагаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэагаваць.

рэагаваць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. на што і без дап. Паступаць нейкім чынам у адказ на што‑н., праяўляючы свае адносіны да чаго‑н. Сыпаліся ўдалыя запытанні і адказы, аўдыторыя рэагавала то востраю цішынёю,.. то лёгкім смехам. Лужанін. Вінцэнт не адыходзіў ад стала, ён гэтак рэагаваў на мае папраўкі, на маё выкрэсліванне, быццам я кроіў не тое, што ён напісаў, а рэзаў тупым нажом яго жывое цела. Сабаленка. Як не аднеквайся, як не абурайся, усё ж на скаргу ў газету неабходна рэагаваць. «Звязда».

2. на што. Адказваць якімі‑н. рухамі, рэфлексамі на тое ці іншае раздражненне. Рэагаваць на святло. Сэрца па-рознаму рэагуе на фізічную пагрузку.

3. Уступаць у хімічную рэакцыю. Вокіслы цяжкіх металаў з вадой не рэагуюць.

[Ад лац. re — проці і agere — уздзейнічаць.]

рэагент, ‑у, М ‑нце, м.

Тое, што і рэактыў.

[Ад лац. re — проці і agens, agentis — які дзейнічае.]

рэаграфія, ‑і, ж.

Метад даследавання функцыі кровазвароту, заснаваны на запісе напаўнення кроўю сасудаў і капіляраў пры дапамозе спецыяльнага прыбора.

[Ад грэч. rhéos — цячэнне, паток і gráphō — пішу.]