Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

руш, ‑а, м.

Палоска лёгкай тканіны, сабраная ў зборкі для абшыўкі чаго‑н.

[Фр. ruche.]

рушыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак. і незак.

1. зак. Скрануцца з месца, пачаць рух. Здавалася, што калі не задрэмлеш хоць на адну хвіліну, дык не знойдзеш у сабе сілы рушыцца з месца. Кулакоўскі. Шырокі размашыста рушыўся насустрач гасцям, прычым жывот яго закалыхаўся, як човен на вадзе. Колас.

2. зак. Адправіцца, накіравацца куды‑н.; рушыць, скрануцца. Рушыцца ў паход. Рушыцца ў бой. ▪ Зыкнуў, бразнуў сталлю-чыгуном цягнік, уздрыгануў ад натугі, рушыўся, і паплылі насустрач поле, лес, хмары, слупы, звязаныя дротам. Галавач. І рушыўся скарб небагаты Ў сяло між зялёных прысад. Панчанка. // перан. Атрымаць далейшае развіццё. За гэтыя тры гады прыкметна рушылася наперад і будаўніцтва Панасюковай хаты. Навуменка.

3. незак. Разм. Тое, што і рухацца. З клуба ніхто не рушыцца, Скончыўся сход, але не сціхлі размовы. Лужанін. На глухім паўстанку Журацца агні, У жалобных сцягах Рушыцца цягнік. Глебка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); незак. Раздзяляцца, распадацца на часткі пад уздзеяннем якой‑н. сілы; абвальвацца. З грукатам рушыліся, правальваліся абгарэлыя бэлькі. Лынькоў. З цягам часу то адна [спала], то другая падмываюцца і рушацца ў ваду. Маўр.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.); незак., перан. Знікаць, варушацца, разбурацца (пра планы, надзеі, традыцыі і пад.). Старое рушыцца, знікае, уступаючы месца новаму, маладому. Гартны. Па краіне магутным поступам ішла калектывізацыя, усюды рушыліся асновы старасветчыны. Шчарбатаў. Стары свет рушыцца, на змену яму прыходзіць новы. Шматаў.

рушыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак. і незак.

1. зак. Пачаць рух, крануцца з месца. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. / Пра рух лёду на рацэ ў пачатак крыгалому. Месцамі вада ўжо выйшла наверх, лёд асеў, гатовы ламацца і рушыць. Чорны. / Пра рух сонца пры вызначэнні часу. Сонца рушыла з паўдня, і Віцьку з Сярожам трэба было падавацца ў дарогу. Паўлаў. // у безас. ужыв. — Адась! — гукнула .. [маці], адумаўшыся, але раптам схамянулася: — гэта ж з паўдня ўніз рушыла! Чорны. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Дзядзька Папас рушыў да кузні, дзе ладзілі плугі і бароны. Лынькоў. Лейтэнант і другі пагранічнік рушылі дарожкай у бок зарасніку. Колас. Нешта прыгадаўшы, .. [вайсковец] усміхнуўся сабе і рушыў цераз вуліцу, парыпваючы ботамі і рамянямі. Ракітны. «Пабудзем дзянёк у старога, — піша Максім, — і рушым на Нёман, у пушчу, да нас, лесавікоў». Брыль. // перан. Атрымаць далейшае развіццё. — Няўжо .. [Мікульскі] не ўбачыў, што за гэтыя пяць год кожны калгас моцна рушыў наперад... Марціновіч.

2. незак. Тое, што і рухацца (у 1 знач.). Цераз .. поле мы рушым немаведама куды. Чорны. Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы, А за імі на скалах дубоў галізна. Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць Маладая вясна. Караткевіч.

3. зак. і незак., каго-што. Прымусіць (прымушаць) рухацца, прывесці (прыводзіць) у рух. Хмыль пастаяў з лейцамі ў руках, рушыў каня з месца. М. Стральцоў. Малое кола круціцца як след, а вялікага не рушыць. Зарэцкі. Вось малады дубок, як ні руш — не зрушыш, глыбока ў родную глебу паўрастала карэнне. Лужанін. // Адправіць, накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. Фельдмаршал фон Клюге рушыў супраць бужскай цытадэлі цэлы армейскі корпус генерала Шрота. «Звязда».

4. незак., што. Разбураць, развальваць на часткі. А з якою сілай воды Б’юць у бераг, рушаць камень. Кірэенка.

5. перан.; што. Разладжваць, парушаць. — Вы збіраецеся за яго замуж? — Які там замуж? Можа б і прыйшоў, каб я захацела. Але не вольны ён, сямейны, а рушыць сям’ю не хачу. Навуменка. Гаспадыню .. [Мірон Сцяпанавіч] слухаў цярпліва, пакутаваў ад нуды і, не жадаючы рушыць таго свету, што ўстаяўся ў яе галаве, са скрухай уздыхаў. Ракітны.

6. незак. (звычайна з адмоўем). Разм. Чапаць, закранаць. І мы, пяцёра студэнтаў, пайшлі ў тавар з намерам пагаварыць з цыганамі начыстату. — Рамана не рушце, — прыгразілі мы. Чыгрынаў.