Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рух, ‑у, м.

1. У філасофіі — усеагульная і неабходная ўласцівасць матэрыі, асноўная форма яе існавання.

2. Змяненне становішча прадмета ці яго частак, перамяшчэнне; стан, супрацьлеглы нерухомасці, спакою. Вярчальны рух. Рытмічна рух. // Дзеянне, работа якога‑н. механізма. Вялізная аграмадзіна прыйшла ў рух і загрукатала, як каменедрабілка. Карпаў.

3. Перамяшчэнне ў прасторы ў якім‑н. кірунку. Вайсковы рух на гасцінцы ў тую ноч, можна сказаць, не спыняўся. Чорны. // Дзейнасць таго ці іншага віду транспарту. Трамвайны рух. ▪ Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. На вуліцы быў вялікі рух. Ішлі таксі, аўтобусы, тралейбусы. Няхай. // Язда і хада ў розных кірунках (на вуліцах, дарогах і пад.). З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся. Маўр. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца. Васілевіч. Вясенняе сонца .. залаціла гарадскія вуліцы. У гэты ранні час, ды яшчэ ў нядзелю, рух быў малы. Корбан.

4. Змяненне становішча цела ці яго частак; жэст. Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. Яны сачылі за кожным рухам настаўніка. Якімовіч.

5. перан. Унутраны штуршок да якога‑н. дзеяння. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць. Шамякін.

6. перан. Грамадская дзейнасць, масавыя выступленні, якія ставяць пэўныя мэты. Рух прыхільнікаў міру. Нацыянальна-вызваленчы рух. Рэвалюцыйны рух. Партызанскі рух.

7. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё. Рух народанасельніцтва.

8. Развіццё дзеяння (у якім‑н. літаратурным творы). Драматычны рух апавядання.

•••

Паступальны рух — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна адзін аднаму.

рухавасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рухавага, жывасць. Пеначкай звалі маленькую Алачку за яе рухавасць, за чубік, за шчабятлівы галасок. Дуброўскі. Застылыя рысы твару ўмомант набылі жывую рухавасць. Шамякін.

рухавы, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца жывасцю, хуткасцю рухаў; непаседлівы. Старожва, нізенькая, сухенькая, рухавая бабка, пазнаёмілася з новым настаўнікам яшчэ ў першы дзень яго прыезду. Колас. Вельмі зручна было мець пад рукой рухавага спрытнага памочніка. Гамолка. Рухавая і гаваркая, з цёмнымі вачыма і русымі валасамі, спадарожніца спадабалася Леаніду. Шахавец. // Напоўнены рухамі, з вялікай колькасцю рухаў. Рухавыя гульні. // Які валодае лёгкасцю рухаў, лёгка прыводзіцца ў рух. Рукі хірурга заўсёды вельмі чыстыя, дужыя і рухавыя, як у піяніста. Грахоўскі. // Які часта мяняе свой выраз (пра твар). Я слухаў таропкую гаворку брыгадзіра, пазіраў на яго рухавы твар і разумеў, што хвалюе гэтага чалавека вельмі многае. Дадзіёмаў.

рухавік, ‑а, м.

1. Машына, якая ператварае які‑н. від энергіі ў механічную энергію; машына, якая прыводзіць у рух што‑н. Паравы рухавік. Рэактыўны рухавік. Дызельны рухавік.

2. чаго. Сіла, якая пабуджае да чаго‑н., садзейнічае росту, развіццю чаго‑н.

•••

Рухавік унутранага згарання — рухавік, у якім паліва згарае ўнутры цыліндра пад поршнем.

рухавічок, ‑чка, м.

Памянш. да рухавік (у 1 знач.); невялікі рухавік. Ля клуба перастаў тарахцець рухавічок. Навуменка.

рухальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да руху, прыводзіць у рух што‑н., кіруе рухам чаго‑н. Рухальная рэакцыя. Рухальныя навыкі. Рухальная сіла. Рухальныя нервы.

рухацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.

2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.

3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.

4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).

рухаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.

2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.

3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. ▪ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.

4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».

5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.

рухач, ‑а, м.

Спец. Устройства (вінт самалёта, кола аўтамабіля і пад.), якое забяспечвае рух якога‑н. транспартнага сродку.

рухаючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад рухаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Накіроўваючы, вядучы. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Рухаючыя сілы савецкага грамадства.

3. Дзеепрысл. незак. да рухаць.