Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рупар, ‑а, м.

1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.

2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.

[Ад гал. roerper.]

рупарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рупара, забяспечаны рупарам. Рупарная антэна.

рупатлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рупатлівага. У .. голасе [Крушынскага] чулася надзвычайная рупатлівасць. Бядуля.

рупатлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і руплівы.

рупесак, ‑ску, м.

Абл. Клопат, стараннасць, руплівасць. Амбражэвіча ў раёне ўсе звалі бацькам, як за гады, так і за разумную сталасць і сапраўды бацькоўскі рупесак і клопат аб усім. Мурашка. Мінуліся вясёлыя забавы, — І матчын рупесак, яе трывогі Душу дзіцячую кранулі без пары. Вітка.

рупеск, ‑у, м.

Абл. Тое, што і рупесак. Вера Іванаўна даўно ўправілася, але, бачачы мужаў рупеск, нібы хацела налюбавацца на яго запозненную ўвішнасць. Сабаленка.

рупець, ‑піць; незак.

1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.

руплівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць руплівага; дбайнасць, клапатлівасць, стараннасць. [Варывончык] спрытна, з гаспадарчай руплівасцю, пачаў падразаць купіны і рассякаць іх на дробныя кавалкі. Кулакоўскі. — Пры такім старанні можна і акадэмікам стаць, — жартаваў Заранік, бачачы гэтую руплівасць Паходні. Хадкевіч.

руплівец, ‑ліўца, м.

Разм. Пра дбайнага, клапатлівага, стараннага чалавека. Гэта .. быў узор рупліўца на ніве народнага мастацтва, самаахвярнага барацьбіта за яго ўздым. Ліс.

руплівы, ‑ая, ‑ае.

Які імкнецца зрабіць як мага больш і лепш; дбайны. Быў .. [бацька Сушкевіча] чалавек руплівы, дбайны, любіў усюды бачыць парадак, любіў, каб усё было зроблена ў свой час і акуратна. Дуброўскі. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку [у калгасе]. Кавалёў. // Клапатлівы, старанны. Дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак .. сала. Колас. Даніла Платонавіч спыніўся непадалёку і з любоўю сачыў за руплівай працай дзяцей. Шамякін.