Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рунецца, ‑еецца; незак.

Тое, што і рунець.

рунець, ‑ее; незак.

Узыходзячы, зелянець (звычайна пра азімыя пасевы). Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта. Колас. Весела рунела атава на сенажацях. Хадкевіч. // Вылучацца сваім зялёным колерам. Над шэрай страхою рунела сасна. Вялюгін.

руно, ‑а, н.

Шэрсць авечкі. Тонкае руно.

•••

Залатое руно — у грэчаскай міфалогіі: залатая шкура барана.

руны, рун; адз. руна, ‑ы, ж.

1. Старажытныя пісьмёны, якімі карысталіся пераважна скандынавы і якія захаваліся ў надпісах на камянях і іншых прадметах. Шмат якія руны відавочна маюць сляды апрацоўкі, але зроблена яна тонка. Лужанін.

2. Старадаўнія народныя песні ў карэлаў, фінаў і эстонцаў.

рунь, ‑і, ж.

Усходы, пасевы азімых культур. Пасля дажджоў на полі дружна паднялася зялёная рунь. Навуменка. Ужо засыпаў на бярозах майскі жук, ліст убраўся ў сілу, а на палетках вырасла маладая рунь. Лупсякоў. Статак пагналі за выган, на жытнёвую рунь. М. Ткачоў.

руністы, ‑ая, ‑ае.

Які мае густое руно, густую шэрсць. Руністая парода авечак.

рунічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рунаў. Рунічнае пісьмо.