Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ружа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

ружаваты, ‑ая, ‑ае.

Трохі ружовы, не зусім ружовы. І сніцца мне мой родны край, Мая далёкая радзіма, Кляновы ліст, дубовы гай І ружаваты небакрай, Засланы злёгку белым дымам. Глебка. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка.

ружавецца, ‑еецца; незак.

Тое, што і ружавець (у 3 знач.). З абодвух бакоў нас віталі маладыя цыбатыя ліпкі, а далей — у мяккіх промнях заходзячага сонца ружавеліся яблыні. Кухараў.

ружавець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ружовым, афарбоўвацца ў ружовы колер. Неба на паўночным усходзе святлела, і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова шырылася, ружавела. Шамякін. Ледзь-ледзь пачаў ружавець усход і змрок ночы змяніўся перадранішняй бледнасцю. Краўчанка. // безас. Пра наступленне раніцы. За акном ужо ружавела.

2. Чырванець, пакрывацца румянцам. Чорныя .. [Рыгоравы] вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі. Колас. Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Брыль.

3. Выдзяляцца сваім ружовым колерам, віднецца (пра што‑н. ружовае). Сям-там ружавеюць шапкі цыбатых мухамораў. Кандрусевіч. Ён [Нішка] з дарогі звярнуў адзінока І кароткі зрабіў адпачынак, Дзе на ўзмежку самотная вішня Ружавела дарамі галінак. Калачынскі.

ружавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ружы. Ружавы ліст. // Прыгатаваны з руж. Ружавае варэнне. // Атрыманы з ружы. Ружавы алей.

2. у знач. наз. ружавыя, ‑ых. Тое, што і ружакветныя.

ружавізна, ‑ы, ж.

Ружовы колер, ружовае адценне чаго‑н. Ружавізна твару.

ружакветныя, ‑ых.

Сямейства дрэў, кустоў і травяністых раслін, да якіх адносіцца ружа, маліна, яблыня, груша, сліва і інш.

ружанец, ‑нца, м.

У некаторых хрысціян — шнурок з нанізанымі на ім пацеркамі для адлічвання прачытаных малітваў або паклонаў у часе малітвы. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Карпюк.

•••

Ні да танца, ні да ружанца гл. танец.

ружжо, ‑а, н.

Ручная агнястрэльная зброя з доўгім ненаразным (у адрозненне ад вінтоўкі) ствалом. На ахову палатна паставілі вартавога — Алеся Голуба, узброенага паляўнічым ружжом. Васілевіч.

•••

Пад ружжом — а) на ваенным становішчы, у стане баявой гатоўнасці (пра армію); б) у арміі (служыць).

Паставіць пад ружжо гл. паставіць.

У ружжо! — а) каманда стаць у строй са зброяй; б) каманда быць гатовым прыняць або пачаць бой.

ружовасць, ‑і, ж.

Ружовы колер. Шуст спяшаўся, бо на ўсходзе ўжо разлівала ружовасць ранішняя зара. Шчарбатаў.