Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

роскаш, ‑ы, ж.

Тое, што і раскоша. Які тут [у Вільні] рух і беганіна! Як ззяюць вокны магазінаў! І колькі тут дабра, багацця! А колькі слёз у ім, пракляцця? Якія брычкі і карэты! А для каго ўся роскаш гэта? Колас. А чаму спяваюць салаўі? А таму, што жывуць у роскашы, на свабодзе. Бялевіч. Улетку жыць у курані было Лёньку роскаш. Капыловіч.

росквіт, ‑у, М ‑віце, м.

1. З’яўленне кветак на раслінах; цвіценне. Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Было іх жыццё, як росквіт каліны, як быць маладосць толькі можа адна. Машара.

2. перан. Найвышэйшая ступень развіцця, уздыму чаго‑н., лепшая пара ў развіцці каго‑, чаго‑н. Росквіт эканомікі краіны. Росквіт таленту. ▪ Росквіт беларускай мастацкай прозы пачаўся ў савецкі час. Пшыркоў.

роскід, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раскідваць, раскіда́ць — раскі́даць (у 1 знач.).

2. Стан паводле дзеясл. раскідвацца, раскіда́цца — раскі́дацца (у 1 знач.). Цёмныя мужыкі, — кажа сын, — адно могуць давесці ўсё да зруйнавання, да роскіду. Чорны.

росласць, ‑і, ж.

Уласцівасць рослага. [Жанчына] таксама немаладая, але маршчыны неяк слухмяна хаваюцца пад цёмнымі акулярамі, трохі цяжкаватую постаць яе выручае росласць. Лось.

рослы, ‑ая, ‑ае.

Высокага росту. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным [віхром]. Мележ. Ён быў самым рослым у класе — І мянушку далі яму «Тата». Блатун. // Які дасягнуў значнай вышыні, высокі (пра расліны). Рослыя ліпы і клёны Цягнуцца ўгору ля вокан. Калачынскі.

росна,

1. Прысл. да росны 1.

2. безас. у знач. вык. Пра выпадзенне вялікай расы. Рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Шамякін. Раніцай — росна, удзень — млосна, увечары — камары — не выстаўляй з куста галавы. Прыказка.

росны 1, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты расой. Любіў ён [бацька] свіст касы ў росных травах, Звон тапара на зрубе, шолах ніў... Непачаловіч. Як хораша выглядае ў ціхую раніцу росная лотаць на роўнай, як стол, сенажаці! Паслядовіч. З правага боку блішчыць на сонцы росны авёс. Калюга. // Які суправаджаецца выпадзеннем расы. Вось паважны і ўрачысты, Раніцою роснай, Гаспадар вядзе турыстаў. Гілевіч.

росны 2, ‑ая, ‑ае.

У выразе: росны ладан — араматычная смала, якая дабываецца з кары паўднёваазіяцкіх дрэў (выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі).

роспач, ‑ы, ж.

Стан, пачуццё крайняй безнадзейнасці, упадку духу, выкліканы якім‑н. няшчасцем, непрыемнасцю і пад. Ніколі не трэба кідацца ў роспач, а цярпліва і настойліва дамагацца свайго. Асіпенка. [Пятро:] — Рыба сплыла... Увесь улоў. Вось я і крычу ад роспачы! Ваданосаў. — Трэцяя брыгада нашу жняярку забрала! — з роспаччу крыкнула Вольга. Мележ.

роспачлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і роспачны. Яшчэ вышэй узняўся агонь. Пачуўся роспачлівы крык. Самуйлёнак.

роспачны, ‑ая, ‑ае.

У якім адчуваецца роспач; поўны роспачы. Нечакана балота абудзіў роспачны чалавечы крык. Дуброўскі. Чалавечае ж жыццё павінна быць заўсёды на віду ў іншых, тады нават у самыя горкія, часам роспачныя хвіліны яно не бывае такое цяжкае. Сабаленка.