Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

роба, ‑ы, ж.

Разм. Грубае рабочае адзенне (звычайна парусінавае або брызентавае). Падабраў мне боцман Гарнітур па росту — Крэпкую марскую Робу з палатна. Жычка.

робат, ‑а, М ‑баце, м.

Аўтамат, які выконвае складаныя дзеянні, падобныя да дзеянняў чалавека. // перан. Пра чалавека, які дзейнічае, працуе механічна, падпарадкоўваючыся чужой волі. [Веньямін:] — Атамную энергію вынайшлі тысячы геніяў. Яны на планеце значаць больш, чым мільярд робатаў. Навуменка.

[Чэшск. robot.]

робатабудаванне, ‑я, н.

Канструяванне і выраб робатаў.

робатабудаўнік, ‑а, м.

Спецыяліст па канструяванню і вырабу робатаў.

робататэхніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Выкарыстанне робатаў у навуковых і тэхнічных мэтах.

робленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць робленага.

роблены, ‑ая, ‑ае.

1. Штучна выкліканы, ненатуральны. [Адэля] паспрабавала, як раней, прайсці робленаю гулліваю хадою. Броўка. Заўважыўшы, як маці пры апошніх словах Петруся збялела, [Міхась] зрабіў выгляд, што не чуў гэтых слоў, і з робленай весялосцю кіўнуў галавой. Сіўцоў.

2. Выкананы ручным вязаннем; вязаны. Робленыя рукавіцы.