Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

раб, ‑а, м.

1. У рабаўладальніцкім грамадстве — прадстаўнік прыгнечанага класа, чалавек, які быў пазбаўлены правоў і сродкаў вытворчасці і з’яўляўся поўнай уласнасцю гаспадара-рабаўладальніка. Хрысціянства нарадзілася на тэрыторыі велізарнай Рымскай імперыі, пераважная большасць насельніцтва якой складалася з рабоў — людзей, пазбаўленых элементарных чалавечых правоў. «Звязда». // Прыгонны селянін. // Пра паднявольная, бяспраўнага чалавека, які знаходзіцца ў поўнай эканамічнай, палітычнай і пад. залежнасці ад каго‑н. [Галя:] Калісьці я марыла стаць урачом, каб лячыць людзей, але ў гэтыя гады навучылася забіваць тых, хто хацеў зрабіць нас рабамі. Пятніцкі.

2. перан. Той, хто пакорна, угодліва выконвае волю другога; духоўна залежны, бязвольны чалавек. Фельчар Зяблік, адданы раб паноў Зырачанскіх, стаяў здалёку, баючыся блізка падысці да раз’ятраных мужыкоў. Бядуля. І для іх [дзяцей] далёка не ўсё роўна, Хто іх бацька: раб або змагар. Гілевіч.

3. перан.; чаго. Той, хто поўнасцю падначаліў чаму‑н. сваю волю, свае ўчынкі. Раб прывычкі. Раб пачуццяў. Раб уласнасці. Раб моды.

раб...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «рабочы», напрыклад: рабкор, рабселькор.

раба, ‑ы, ж.

Жан. да раб.

рабаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рабаваць.

рабаваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рабаваць.

2. у знач. прым. Набыты рабаваннем; граблены. Рабаванае дабро.

рабаваты, ‑ая, ‑ае.

Трохі рабы; з невялікім рабаціннем. Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч.

рабаваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што і без дап.

1. Сілай, разбоем забіраць у каго‑н. што‑н.; грабіць. У навакольныя вёскі наязджалі карнікі: лавілі лепшых савецкіх людзей і рабавалі набытак. Брыль. У лясах бадзяліся банды, рабавалі людзей, палілі хаты актывістаў. С. Александровіч. [Белапалякі] гойсаюць на конях, рабуюць, катуюць. Нікановіч.

2. Разараць падаткамі, паборамі.

рабак, ‑а, м.

Разм. Гліст. [Бабулька:] — Ды замоўкніце вы са сваімі літаннямі. Яны тут зусім не патрэбны. У яго рабакі. Дайце яму бярозавага дзёгцю. Ад сэрца і адыдзе. Дубоўка.

рабалепнасць, ‑і, ж.

Рабскае нізкапаклонства; рабалепства. Рабалепнасць прыніжае людзей.

рабалепны, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва рабалепнасць. Рабалепнае пакланенне. Рабалепны чалавек.