Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

пхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Штурхаць адзін аднаго. Людзі.. кудысьці спяшаліся, пхаліся, таўкліся. Колас.

2. Адштурхвацца, упіраючыся ў што‑н. [Кандрат:] — Я з ворыва каня павёў паіць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзіць з хаты проста ў човен і пачынае пхацца да хмызоў. Караткевіч.

3. Зал. да пхаць.

пхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм.

1. Дакранацца кароткім рэзкім рухам да каго‑, чаго‑н.; штурхаць. Пхаць у грудзі. Пхаць суседа локцем.

2. Штуршкамі прымушаць рухацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Пхаць тачку. ▪ — Пхайце ззаду! — крыкнуў фурман ва ўсё горла. Колас. Лёдзя ўпарта пхала і пхала ложак, пакуль хворыя жанчыны не ўзнялі гвалту. Карпаў.

3. Паспешліва засоўваць, запіхваць што‑н. куды‑н. Таццяна.. паспешліва пачала пхаць у чамадан бялізну, гальштукі, шкарпэткі, пакуначкі з дамашняй ежай. Карпаў. Старая выняла з кошыка хлеб, каб паказаць, як яго мала, а потым, пазіраючы ў твар суседцы, пхала адной рукой хлеб у кошык. Галавач.

4. Даваць што‑н. у вялікай колькасці, звыш меры. [Павал:] — Мацвей і вясною з камітэцкага аўса карысць меў і цяпер яму падсунулі два пуды грэчкі. Гультай, не хоча рабіць, а яму ўсё пхаюць. Чорны. // Прымушаць каго‑н. есці, піць вельмі многа або супраць жадання. Пхаць ежу дзіцяці.

пхнуцца, пхнуся, пхнешся, пхнецца; незак.

Разм. Ісці паволі, ледзь перастаўляючы ногі. Пхнецца сцежкай падарожны, — Няма хлеба ўжо ў катомцы. Купала.

пхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Аднакр. да пхаць (у 1–3 знач.).