Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

псаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. псаваць і стан паводле знач. дзеясл. псавацца.

псавацца, псуюся, псуешся, псуецца; псуёмся, псуяцеся; незак.

1. Прыходзіць у стан няспраўнасці, станавіцца непрыгодным. Улетку, калі «студэнтачка» была дома, у.. [Тодзіка] каля яе хаты што-небудзь псавалася ў аўтобусе, а рамонт працягваўся доўга. Чорны. Плод.. [ігрушы] мог ляжаць усю зіму і не псаваўся, а ўсё смачнеў. Кулакоўскі. // Паддавацца пашкоджанню. Ад чытання ў прыцемку псуюцца вочы. ▪ Я заўсёды ёй гаварыў: «Наталка, не прывыкай да цукерак, ад цукерак зубы псуюцца». Пянкрат.

2. Рабіцца непрыемным, брыдкім; пагаршацца. Калі .. [Васіль] глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой. Шамякін. Прыемна было ісці пешшу, асабліва ў лесе. Праўда, пачало псавацца надвор’е. Неба пакрылася смугою, якая пакрысе засланяла сонца. Чарнышэвіч.

3. Набываць дрэнныя схільнасці, станавіцца дрэнным. [Падпалкоўнік:] — Салдату нельга доўга сядзець у казармах, бо ён псуецца без работы, як іржавее без работы добры аўтамат! Лынькоў.

4. Зал. да псаваць.

псаваць, псую, псуеш, псуе; псуём, псуяце; заг. псуй; незак.

1. што. Прыводзіць у няспраўны стан, рабіць непрыгодным, непрыдатным. Псаваць прадукты. ▪ Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Лынькоў. Шмат хто з .. [хлопцаў] вызначаўся хіба тым, што на дзіва часта псаваў станкі ці ламаў дэфіцытныя фрэзы. Мележ. // Наносіць шкоду чаму‑н. Псаваць здароўе. Псаваць вочы. ▪ — Цукеркі дзеду — не, не любы, Няхай іх качкі: псуюць зубы, Дык лепш не знаць іх. Колас.

2. што. Рабіць непрыемным, брыдкім; пагаршаць. Псаваць адносіны. Псаваць смак. ▪ Цяжкая хвароба псавала настрой пісьменніку, і ён часам нават губляў веру ў свае сілы. Хведаровіч. Адно толькі псавала ўражанне — старая скрынка для посуду на сцяне побач з печкаю. Ваданосаў. Сяргей злаваўся, што Надзя не можа супакоіць сваю маці, і гэта вельмі псавала яго ўзаемаадносіны з жонкай. Рамановіч. // Рабіць непрыгожым. Псаваць выгляд. ▪ Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

3. каго-што. Дрэнна ўплываць на каго‑н., прывіваць дрэнныя схільнасці каму‑н. — У шафу павесіш пазней, — сказала Дора Змітраўна, успомніўшы мужавы дакоры, што сваімі клопатамі псуе дачку. Карпаў. [Тупала:] — Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Шамякін.

4. што. Дарэмна пераводзіць, глуміць. Каму выдаралася вольная часіна, ішоў да кузні пацерціся каля людзей і закурыць з горна, каб не псаваць дома запалкі. Чорны. [Вера] нават падумала, што мастак гэты проста няўдачлівы аматар, які толькі дарэмна псуе дарагія фарбы. Асіпенка.

•••

Псаваць кроў каму — злаваць, раздражняць каго‑н.

Псаваць сабе кроў — злавацца, раздражняцца з-за чаго‑н.

псалом, ‑лма, м.

Кожны з рэлігійных і маральна-павучальных спеваў, з якіх складаецца псалтыр. У дзеда Трыфана, як у самага набожнага на ўсе Багульнікі чалавека, у суботу і ў нядзелю ўвечары збіраліся на [маленне], найбольш жанчыны .. Ён ім чытаў псалмы, а яны праз пэўныя прамежкі часу спявалі ці «Памілуй мя, божа», ці «Святы божа, святы крэпкі». Сабаленка.

[Ад грэч. psalmos — хвалебны спеў.]

псаломшчык, ‑а, м.

Ніжэйшы царкоўны служка ў рускай праваслаўнай царкве; дзяк. [Лабановіч:] — У вас тут, выбачайце, большая глуш. — Як так? — здзівіўся Саханюк. — У нас — воласць, грамада: бацюшка, пісар, фельчар, ураднік, псаломшчык, і так збоку людзі часцей даведваюцца. Колас.

псалтыр, ‑а, м.

Адна з біблейскіх кніг Старога запавету, якая складаецца з псалмоў. У гэтыя ж дні Ілюка хавалі. З пушчы папрыходзілі блізшыя леснікі, збілі гуртам сякую-такую труну, палажылі ў яе свежага сена, прачыталі з псалтыра некалькі малітваў і вынеслі на ручніках з хаты. Лобан. // Гэта кніга ў якасці падручніка ў мінулым.

[Грэч. psaltērion.]

псамафілы, ‑аў; адз. псамафіл, ‑а, м.

Спец. Жывёліны, якія жывуць у пясках (напрыклад, пясчаная блыха, яшчаркі, тушканчыкі).

[Ад грэч. psámmos — пясок і philéō — люблю.]

псамафіты, ‑аў; адз. псамафіт, ‑у, М ‑фіце, м.

Спец. Расліны, якія растуць на пяску (напрыклад, пясчаная асака, саксаул).

[Ад грэч. psámmos — пясок і phytón — расліна.]

псаміты, ‑аў; адз. псаміт, ‑у, М ‑міце, м.

Спец. Горшыя пароды — пяскі і пясчанікі з намерам зярнят звычайна ад 1 да 0,1 мм.

[Ад грэч. psammítēs — пясчаны.]

псеўда...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая мае значэнне: «несапраўдны», «надуманы», «ілжывы», напрыклад: псеўдакласіцызм, псеўдамарфоза, псеўдакіслата, псеўдамастацтва, псеўданавука.

[Ад грэч. pseudos — вымысел, хлусня.]