Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

побач,

1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.

•••

Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.

Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.

побліз, прысл. і прыназ.

Тое, што і паблізу. І ўдарылі гарматы Побліз нашага сяла. Броўка. Але тады Паблукаў я побліз раю Першы раз за ўсе гады. Панчанка.

поблізу, прысл. і прыназ.

Тое, што і паблізу. Мы тут поблізу паходзім, калі што якое — дамо знаць. Колас. Сяліба была глухая і стаяла яна поблізу рэштак велізарнага лесу. Чорны. На вакзальнай плошчы, у трамваі, поблізу мяне сеў чалавек. Скрыган. Поблізу яго [дзядзькі], прывязаны да плоту, стаяў нязграбны галавасты конь. Мележ.

побыт, ‑у, М ‑быце, м.

1. Тое, што і быт. Чытаў [Хэлд] у арыгінале творы савецкіх пісьменнікаў, каб хоць трошкі пазнаёміцца з душой, побытам рускіх. Сабаленка. Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.

2. Знаходжанне, прабыванне дзе‑н. За гэты час побыту ў школе Аленка значна змянілася. Колас. Праз увесь час майго побыту ў Жорнаўцы сюды не даходзілі ніякія газеты, ні лісты. Мядзёлка.

повад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.

Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.

повад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.

Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.

повар, ‑а, м.

Спецыяліст па прыгатаванню ежы; кухар. Рота вячэрала тады ўсмак, і ўсе партызаны хвалілі повара. Кулакоўскі.

поварскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да повара. Поварскае ўменне. // Які ўжываецца поварам пры прыгатаванні ежы. Поварская лыжка. Поварскі нож.

повязь, ‑і, ж.

Пераемная сувязь чаго‑н. Так, відаць, і тчэцца ўнепрыкметку повязь пакаленняў, часоў, лёсаў. «Звязда».

повідну, прысл.

Пакуль відна, пакуль настане цемната. Хоць сонца яшчэ і не скора пакажацца над лесам, але повідну ўсё ж весялей. Якімовіч.

погалас, ‑у, м.

Разм. Тое, што і пагалоска. Народны погалас хутчэй за вецер разносіць навіны ў самыя далёкія аулы і паселішчы. Васілёнак.