Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

плавальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плавання. // Які служыць для плавання, прызначаны для плавання. Плавальны басейн.

плаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. плаваць (у 1, 3, 4 знач.). // Падарожжа на судне; рэйс. Прывёз з далёкага плавання і завёў тут гэтую гульню стары матрос Міхей Парфёнавіч, заядлы ў мінулым спартсмен. Дуброўскі.

плаваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. ▪ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.

плаваючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад плаваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, які плавае, здольны да плавання. Плаваючыя птушкі.

3. Дзеепрысл. незак. ад плаваць.

плавень, плаўня, м.

1. Спец. Рэчыва, якое дадаецца да руды для паскарэння плаўкі прымесей і ўтварэння шлаку.

2. Тое, што і плаўнік. Шмат вандравала па свеце яна [хмара]. Недзе на моры бялела ільдзінай, Стыла на вострым лязе гарпуна, Ззяла на плаўнях шырокіх дэльфіна. Танк.

плавец, плаўца, м.

Тое, што і плывец. Яны, упартыя, цыбатыя, худыя, Заўзятыя плаўцы і футбалісты — Курчатавы, Гагарыны, Купалы Спяшаюцца у дваццаць першы век. Грахоўскі. Па гэтых вірах цяпер плавала з дзесятак мужчын — гэта былі самыя лепшыя нашы вясковыя плаўцы. Лупсякоў.

плавок, плаўка, м.

Тое, што і паплавок. Сядзіць дзед Агей без шапкі. Не мігаючы глядзіць на плавок, на галачку хлеба, што гойдаецца на кручку ля самага дна. Крапіва.

плавік, ‑у, м.

Спец. Мінерал (злучэнне кальцыю і фтору) у выглядзе крышталяў рознага колеру, які выкарыстоўваецца ў металургіі і хімічнай прамысловасці.

плавіковы, ‑ая, ‑ае.

У выразах: плавіковая кіслата гл. кіслата; плавіковы шпат гл. шпат.

плавільны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плаўкі (у 1 знач.). Плавільны цэх. // Які служыць для плаўкі. Плавільная печ.