Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

нюанс, ‑у, м.

Адценне, нязначны пераход (колеру, гукаў). Нюансы сіняга колеру. Нюансы вымаўлення. ▪ Колькі сплыло гадоў, а я памятаю чысты голас хлопчыка да самых дробных нюансаў. «ЛіМ». // перан. Наогул адценне, тонкае адрозненне ў чым‑н. Нюансы настрою. ▪ Тонкім лірызмам, праўдзівасцю пачуцця, багаццем унутраных душэўных нюансаў вызначаюцца вершы Танка аб каханні. Бярозкін.

[Фр. nuance.]

нюансаванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нюансаваць.

2. Сістэма нюансаў у музычным творы, жывапісе.

нюансавацца, ‑суецца; незак.

Зал. да нюансаваць.

нюансаваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.

Адцяняць, захоўваць ледзьве ўлоўныя пераходы, нюансы чаго‑н.

нюня, ‑і, м. і ж.

Разм. Плакса, ныцік. [Юзік] крыкнуў поўным ротам, смакуючы кожны гук: — Раз-маз-ня! Нюня!! Бядуля. [Пракоп:] — Не варты ён яе.. Ціхі ж вельмі. Нюня. Баранавых.

нюні,

У выразе: распусціць нюні гл. распусціць.

нюніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Надакучліва плакаць, ныць. — Які ты кволы, — сумна сказаў Светлячок. — Я, калі парэжуся або паб’юся, стараюся ні за што не нюніць. «Звязда».

нюх, ‑у, м.

1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.

2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.

•••

Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).

нюхальны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для нюху (у 1 знач.). Нюхальны нерв.

2. Прызначаны для нюхання. Нюхальны тытунь.

нюхальшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто нюхае тытунь, наркотыкі і пад.