Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ну 1, выкл.

1. Ужываецца пры пабуджэнні або закліку да якога‑н. дзеяння (звычайна ў спалучэнні з заг. формай дзеяслова). — Ну, расказвай! кажы смела, Мой музыка малады. Колас. [Зелянюк:] — Ну, пайшлі, дзядзька Паўлюк. Я завяду вас дахаты. Ну-ну, смялей... Вось так... Вось так... Зарэцкі. // Ужываецца пры закліку спыніць якое‑н. дзеянне. Ну, годзе ўжо спаці! глянь, светла ўжо ў хаце. Купала. — Ну годзе, годзе, — лагодна, апраўдваецца дзед. — Я ж табе пральную машыну купіў. Гарбук. // Ужываецца пры пагрозе. Ну, помні!

2. Выражае здзіўленне, абурэнне, гнеў, захапленне і інш. пачуцці (звычайна ў спалучэнні з наступным «і», «ж»). Ну і надвор’е ж сёння! ▪ Ну ж і выдаўся дзянёк! Колас. — Вось гэта рыба! Кілаграмы на два зацягне. Ну і ну!.. Ігнаценка.

ну 2, часціца.

1. пытальная. Ужываецца ў пытальных сказах з адценнем здзіўлення, недаверу; па значэнню адпавядае словам няўжо? ці праўда? — Ведаеш, Цімох... Чоран сёння біўся з.. Лысым. — Ну?! — жахнуўся Цімох і падняўся на локцях. — Збіў Чорана... — апаўшым голасам сказаў Юзік. Колас. [Пытляваны:] Жэніцца, разбойнік [Мікола]. [Маша:] Ды ну? І каго ж ён бярэ? Крапіва. // Выступае ў значэнні пытальных слоў як? што? З Украіны сябра блізкі Завітаў у добры час. Прачытаў мне вершаў нізку: — Ну? Ну, як? Бялевіч.

2. узмацняльная. Надае сказам большую выразнасць, падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. Колас. [Аўдоцця Раманаўна:] Дзяўчына — нічога не скажаш, як у кіно часам паказваюць. Ну, як лялька! Паслядовіч. // У такім жа значэнні ўжываецца ў пытальных і пытальна-рытарычных зваротах. Ну што мне рабіць з ім? ▪ Увесь выгляд бусла быў такі, нібы ён пытаўся: «Ну чым я табе замінаю?» Паслядовіч.

3. мадальная. Ужываецца ў пачатку выразаў з умоўным дапушчэннем у значэнні: дапусцім, няхай так, але што далей? Старая.. увайшла ў хату з торбаю ў руках. Пацягнула яе спачатку за почапку, а потым за вуглы. — Нашто гэта вам? — спытаў шафёр. — Соль тут была, — нібы не дачуўшы, сказала бабуля. — Ну то што калі соль? Кулакоўскі. — Дзівак ты, дзівак! — не стрымалася Волька. — Другія хоць пра зоркі гавораць, а ты.. — Ну, хай сабе.. Хай, — выціснуў Мікола. Кандрусевіч.

4. у знач. злучніка. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія падагульняюць папярэднія думкі, указваюць на вынікі, вывады або з’яўляюцца пабочнай заўвагай. Ну вось і ўсё. Размова скончана. Дайнека. Яніна сама хоча загаманіць і не можа, ну от не можа сказаць ні слова, усё адно як замкнула ёй вусны. Мурашка. [Тарас:] — Ты пойдзеш у нядзелю ў горад.. Спынішся каля трэцяй студні-калонкі. Ну, вады напіцца, ці што. Да цябе падыдзе кучаравы брунет. Чуеш? — Чую, — з хваляваннем прашаптала Валя. Якімовіч.

5. сцвярджальная. Разм. Так, але. [Дзед:] — Бачыш на тым баку камень? [Алесь:] — Ну. Караткевіч. [Параска:] — Ты ў палітаддзеле? [Андрэй:] — У палітаддзеле. — Начальнікам? — Ну. Лобан.

нубіец,

гл. нубійцы.

нубійка,

гл. нубійды.

нубійскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нубійцаў, які належыць, уласцівы ім. Нубійская мова.

нубійцы, ‑аў; адз. нубіец, ‑бійца, м.; нубійка, ‑і, ДМ ‑бійцы, мн. нубійкі, ‑біек; ж.

Народнасць, якая жыве ў Афрыцы паміж першым і шостым дарогамі Ніла, у межах паўднёвай і паўночнай часткі Усходняга Судана.

нуга, ‑і, ДМ нузе, ж.

Кандытарскі выраб з салодкай арэхавай масы.

[Фр. nougat, ад лац. nux — арэх.]

нуда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Непрыемны душэўны стан, выкліканы немагчымасцю здзейсніць свае надзеі, жаданні; сум, туга. Нярэдка нападала на Хадкевіча нуда, і тады ўся яго істота рвалася да дачкі. Васілевіч. // Непрыемны душэўны стан, выкліканы бяздзейнасцю або адсутнасцю заняткаў, цікавасці да чаго‑н. [Дзеду] на паравозе толькі жыццё, а так ён гіне, нуда яго заядае. Шынклер. [Наталля:] Якая гэта нуда! Сядзі цэлы дзень ды глядзі ў акно, ці хутка .. [Караневіч] будзе ісці. Крапіва.

2. Разм. Нудны чалавек. [Зіна:] — Даўся вам Сямён. Ён жа такая нуда. Шыцік. — Эх, ты, нуда хадзячая! — скрывіўся Віктар. Маўр.

3. Паныласць, маркота. Ветры лютыя. Нудой імгліцца восень. Космы хмар па лужынах паўзуць. А. Александровіч. Зямля пяе, зямля гудзе: — Канец ну дзе, канец бядзе, Канец людскому гору!.. Бялевіч.

нудзе́ць, ‑дзе́ю, ‑дзе́еш, ‑дзе́е; незак., па кім-чым і без дап.

Нудзіцца. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. [Ліба:] — Вам тут не нудна, Рыгор? — Некалі нудзець... Гартны.

нудзі́цца, нуджу́ся, ну́дзішся, ну́дзіцца; незак.

Адчуваць нуду, быць у стане нуды (у 1 знач.). — Ты дужа не нудзіся, дачушка. Слязамі гору не паможаш, — супакойвалі Настасю бацькі. «Работніца і сялянка». З-за ельнічку даносіліся чужая п’яная песня з выкрыкамі ды час ад часу кулямётныя чэргі дазорных, якія, мусіць, нудзіліся ў адзіноце... Мележ.

ну́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.

1. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Хлопцы вярнуліся да рукзакоў, той-сёй прыклаўся да сваіх пляшак, бо самалёт добра кідала і некаторых пачало нудзіць. Новікаў. Ванду нудзіла. Каб не зваліцца з ног, яна прытулілася да сцяны. Мяжэвіч.

2. перан. Разм. Пра пачуццё агіды да каго‑, чаго‑н. [Шпакоўскі:] — Нудзіць мяне, калі ты ныеш. Гурскі. Мяне ўжо нудзіла ад .. [балаганных] відовішчаў. Мікуліч.

нудзі́ць, нуджу́, ну́дзіш, ну́дзіць; незак.

1. па кім-чым і без дап. Тое, што і нудзіцца. — Так, мы ўсе тут нудзім па радзіме ды па блізкіх, але... Ліба не дасказала. — Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней... Гартны. Цяпер.. [дзядзька Язэп] не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале — прывык патроху, што памёр ён. Чорны.

2. каго і без дап. Выклікаць, наганяць пачуццё нуды. Па-ранейшаму [Міканор] не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго. Мележ. Апошні агеньчык мой дагарае. І студзіць, і нудзіць асенні дождж. Вярба.