Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

мі, нескл., н.

Трэці гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. mi.]

міг, ‑у, м.

Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.

•••

У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.

мігалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Газоўка, лямпачка без шкла. [Чмаруцька:] — Калі ж ты запаліў гэту мігалку, пры ёй нічога і не ўбачыш. Лынькоў.

2. Ліхтар, які ўспышкамі падае сігналы транспарту. Мігалка па рацэ.

мігальны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які служыць для мігання. Мігальная перапонка.

2. З раснічкамі, якія знаходзяцца ў пастаянным руху. Мігальны эпітэлій.

мігам, прысл.

Разм. Вельмі хутка, у адзін момант. Мігам уся Андрэева вопратка робіцца мокрай і халоднай. Васілёнак. Хлапчукі мігам паразбягаліся хто куды, але далёка не адыходзілі. Няхай.

міганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігаць.

мігатлівы, ‑ая, ‑ае.

Які мігаціць. Па небе рассыпаліся мігатлівыя светлякі зорак. Васілёнак. У пракураным пакоі пры святле мігатлівай газоўкі засядае паўстанскі камітэт. Хведаровіч.

мігаценне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігацець.

мігацецца, ‑гаціцца; незак.

Тое, што і мігацець. Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы. Колас. Тут жа ў траве мігацяцца зоркамі светлячкі. Бядуля.

мігацець, ‑гаціць; незак.

1. Паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку. Жаўтлявыя жмені [жыта] увесь час мігацелі ў паветры, напамінаючы Язэпу старыя добрыя часы, калі, бывала, да вайны на жніво выходзіў увесь калгас. Асіпенка.

2. Свяціць, блішчаць няроўным бляскам. Над ваколіцай звісала неба і мігацела безліччу зорак. Дудо. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары. Лынькоў.