Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

мы, нас, нам, намі, аб нас; адз. я, займ. асаб. 1‑й ас. мн.

1. Ужываецца для абазначэння дзвюх і болей асоб, уключаючы і таго, хто гаворыць. Мы адны, сынок, адны, Дарма ў вокны паглядаем. Колас. Мы зноў пайшлі на кірмаш. Трапілі ў рады гаршчэчнікаў і л[ыжа]чнікаў. Якімовіч. // Служыць для абазначэння групы людзей, аб’яднаных агульнасцю паходжання, поглядаў, заняткаў, інтарэсаў і пад. У цяжкія часы панства і царызму мы, беларусы, на свет цэлы неслі сваю вялікую крыўду. Купала. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. — Правільна, — паспачуваў.. [Кашын], — нам, практыкам, заўжды цяжэй. Карпаў. // Ужываецца для абазначэння няпэўнай дзеючай асобы. Перад намі ў сонцы, ў зорах Будучыня наша. Купала.

2. з прыназоўнікам «з» і творным склонам іншых займеннікаў і назоўнікаў. Ужываецца для абазначэння таго, хто гаворыць і аднаго каго‑н. іншага. Мы з сяброўкай. ▪ [Гарлахвацкі:] Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу. [Туляга:] Мы з вамі? Удвух? Крапіва. Пасля першага радаснага прывітання Антусь сказаў: — Я не надоўга. Мы з ім, — кіўнуў на таварыша, — заўтра зранку выходзім у горад. Чорны. Мы з табою, як рыба з вадою. Прыказка.

•••

Між (паміж) намі (кажучы) — аб чым‑н. такім, чаго не варта гаварыць іншым; аб якім‑н. Сакрэце. І стары смела сказаў: — Дык нашы хлопцы, між намі кажучы, узялі і падпалілі маёнтак. Чорны.

мыечны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для мыцця. Мыечная машына.

мыза 1, ‑ы, ж.

Сядзіба з сельскагаспадарчымі будынкамі; хутар (пераважна ў Прыбалтыцы). [Дзяўчына:] — Я ніхто, я тутэйшая, з мызы пана Смілгаса. Вунь пад самым лесам яна. Сабаленка.

[Эст. môis.]

мыза 2,

гл. мыса.

мызнік, ‑а, м.

Уладальнік або арандатар мызы 1.

мыйка, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. мыек; ж.

Машына, прыстасаванне для мыцця чаго‑н.

мыйня, ‑і, ж.

Месца, дзе мыюць, прамываюць што‑н.

мыйшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца мыццём чаго‑н. Загнаўшы машыну на цэментавы пятачок, Міхась пазіраў, як мыйшчык паварочваў гумавы шланг. Б. Стральцоў.

мыйшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да мыйшчык.

мыканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мыкаць; гукі гэтага дзеяння. Глуха здалёк даносілася мыканне каровы. Пестрак.

мыкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць працяжныя гукі «му-му»; раўці (у 1 знач.). У хляве сонна саплі свінні, ціха мыкала, мабыць, прасіла есці цяля. Курто.

2. перан. Неразборліва гаварыць што‑н.; мармытаць. Чудзін слаба супраціўляўся, мыкаў, адступаў. Карпюк.