Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

му, нескл., н.

Адзінка вымярэння зямельнай плошчы ў Кітаі.

муар, ‑у, м.

Шаўковая тканіна з разводамі, якія пераліваюцца рознымі адценнямі.

[Фр. moire.]

муаравы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да муару. Муаравы шоўк.

2. Зроблены з муару. Муаравая стужка. ▪ На Лёдзі была новая, з залацістым зіхценнем муаравая сукенка. Карпаў.

мудраванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мудраваць.

мудраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. над чым і без дап. Рабіць што‑н. складанае, незвычайнае; прыдумваць што‑н. Два гады Анатоль мудраваў над разцамі, заходзіў у тупік і зноў, як апантаны, браўся за новае. Асіпенка. Трое хлапчукоў-падлеткаў мудравалі над вялікай і прыгожай мадэллю самалёта. Ракітны.

2. Залішне ўскладняць якую‑н. справу. Ганька за сталом доўга не мудруе. Раз-раз алюмініевай лыжкай .. — і неўзабаве па ўсёй поліўцы. А затым і па кашы! Васілевіч. // Хітрыць. — Мудруеш, ты Язэп, — гаворыць нарэшце [Максімка]. Не, не мудруе Язэп.. Не жыў бы ён у тым доміку фінскім. Не прывык бы. Хадановіч.

мудрагель, ‑я, м.

Разм. Той, хто мудрагеліць, хітруе. — О, бач, мой сынок, мудрагель які стаў! Задачу нялёгкую ты мне задаў... Чарнушэвіч.

мудрагельны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і мудрагелісты.

мудрагельства, ‑а, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мудрагеліць. // Што‑н. мудрагельнае, вельмі замыславатае. Навошта ўскладняць фразы, падаючы ім канцылярскае і бюракратычнае мудрагельства? Скрыган.

мудрагелістасць, ‑і, ж.

Разм. Якасць мудрагелістага.

мудрагелісты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Цяжкі, для разумення, выканання; складаны. Мудрагелістая задача. ▪ Косцік ужо ведаў, што настаўнік любіць гадаваць мудрагелістыя пытанні. С. Александровіч.

2. Замыславаты, вычварны. Хлопцы заўважылі там [у мяшку] тоўсты пэндзаль, нейкія гумавыя валікі з мудрагелістымі ўзорамі, выразанымі на іх. Нядзведскі. Сівы мох густа абляпіў .. ствалы дрэў, мудрагелістымі карункамі звісае з галін. Кандрусевіч. Міма, выпісваючы мудрагелістыя васьмёркі, з грукатам пралятае на мотаролеры суседскі хлопец. Гарбук.