Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

мо,

Разм. Усечаная форма слова «можа» (у 2, 3 знач.). У жылістых, учэпістых руках старога ўгадвалася немалая сіла, якую не здолеў, ды мо і не здолее зламаць час. Васілёнак. Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, Пакуль зара не прыадчыніць дзверы? Танк.

мова, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексіка-граматычных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі. Беларуская мова. Нацыянальная мова. Родная мова. Класічныя мовы. ▪ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Колас. Пачуўшы словы на незнаёмай ім мове, дзяўчаты адразу насцярожыліся. Лынькоў. // Тое ж як прадмет вывучэння і выкладання. Урокі мовы. Выкладчык французскай мовы. ▪ У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў.

2. Сукупнасць лексічных, граматычных і іншых сродкаў выражэння думак, стыль. Літаратурная мова. Газетная мова. Канцылярская мова. ▪ А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! Колас. Мова загадаў, інструкцый сухая, дакладная. Тут ніякай рамантыкі, ніякай усмешкі. Лынькоў. // Сукупнасць прымет, уласцівых індывідуальнай манеры якога‑н. пісьменніка, мастака і інш. Мова Пушкіна. Мова Коласа.

3. Спосаб вымаўлення слоў, манера гаварыць. Таццяна з мацярынскай пяшчотай і замілаваннем сачыла, як .. [яе сын] ужо сам выпаўзаў з зямлянкі, а потым падымаўся і паважна ішоў па лагеры і з кожным сустрэчным размаўляў на сваёй смешнай дзіцячай мове. Шамякін.

4. Здольнасць гаварыць. Новая хваля сораму прыліла да .. стомленага, бледнага твару [Крысціны], пазбавіла яе мовы. Васілевіч. Дзяніс падаў Карнею руку, але не прамовіў ні слова, быццам у яго адняло мову. Гроднеў.

5. Тое, што перадае сабой якую‑н. думку, можа служыць сродкам зносін. Мова форму л. Мова лічбаў. ▪ Скрыпка Тамаша кожнаму на яго ж мове гаварыла, пад яго густ грала. Бядуля. Народы ўсяго свету павінны гаварыць паміж сабой не на мове гармат, а на мове мастацтва. «Полымя».

6. Разм. Гутарка, размова. — Пытаўся я ў людзей, брат, сёння Наконт зямлі каля Заблопня, — Так бацька мову расчынае. Колас. [Тапурыя:] — Слухай далей і больш не перабівай мне мовы. Самуйлёнак.

•••

Аналітычныя мовы — мовы, у якіх адносіны паміж словамі ў сказе выражаюцца не формамі змянення слоў, а парадкам слоў, службовымі словамі, інтанацыяй і пад.

Жывая мова — мова якога‑н. існуючага народа, якая ўжываецца як сродак зносін.

Індаеўрапейскія мовы — агульная назва самай вялікай у свеце сям’і сваяцкіх моў Азіі і Еўропы, да якой належаць мовы індыйскія, іранскія, славянскія, балтыйскія, германскія, раманскія, італійскія і некаторыя іншыя.

Інфармацыйная мова — спецыяльная штучная мова, якая выкарыстоўваецца ў сістэмах апрацоўкі інфармацыі.

Літаратурная мова — унармаваная форма агульнанароднай мовы, пісьмовыя і вусныя нормы якой з’яўляюцца агульнаабавязковымі.

Мёртвая мова — старажытная мова, на якой ужо не гавораць.

Новыя мовы — сучасныя мовы, у адрозненне ад старажытных, мёртвых моў.

Простая мова — мова другой асобы, пры перадачы якой захоўваюцца лексічныя і граматычныя асаблівасці выказвання.

Ускосная мова — мова другой асобы, пры перадачы якой захоўваецца толькі змест, а яе лексічныя і граматычныя асаблівасці поўнасцю або часткова змяняюцца ў апавяданні пры дапамозе даданых сказаў.

Часціны мовы гл. часціна.

Эзопаўская мова гл. эзопаўскі.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

Знайсці агульную мову гл. знайсці.

Мову заняло гл. заняць.

мова-пасрэднік, мовы-пасрэдніка, ж.

Штучная мова, якая служыць сродкам ідэнтыфікацыі граматычных катэгорый пры аўтаматычным перакладзе.

мовавед, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст у галіне мовазнаўства.

мовазнавец, ‑наўца, м.

Тое, што і мовавед.

мовазнаўства, ‑а, н.

Навука аб мове, законах яе развіцця; лінгвістыка.

мовазнаўца, ‑ы, м.

Тое, што і мовавед.

мовазнаўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мовазнаўства. Мовазнаўчая тэрміналогія.

моватворац, ‑рца, м.

Кніжн. Той, хто ўдзельнічае ў моватворчым працэсе.

моватворчасць, ‑і, ж.

Кніжн. Працэс стварэння новых слоў і выразаў людзьмі, якія гавораць на данай мове. Народная моватворчасць.