Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

мнага... (гл. многа...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «многа...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: мнагалюдны, мнагаструнны, мнагабор’е.

мнагаатамны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які складаецца з вялікай колькасці атамаў.

мнагабожжа, ‑а, н.

Форма рэлігійнага веравызнання, якая прызнае існаванне многіх багоў; політэізм.

мнагаборац, ‑рца, м.

Спартсмен, які ўдзельнічае ў мнагабор’і.

мнагабор’е, ‑я, н.

Спец. Комплекс фізічных практыкаванняў аднаго або некалькіх відаў спорту; спартыўныя спаборніцтвы па гэтых практыкаваннях. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў. Шыцік.

мнагавата, прысл.

Даволі многа; больш, чым патрэбна. Ніне не хацелася хваліцца сваімі адзнакамі: мнагавата троек. Нядзведскі.

мнагаводдзе, ‑я, н.

1. Перыяд, калі ў рэках, вадаёмах бывае вады больш, чым звычайна.

2. Празмерная колькасць вады, вільгаці.

мнагаводнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мнагаводнага; багацце вады, вільгаці. Амазонка — першая рака па мнагаводнасці.

мнагаводны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае многа вады; паўнаводны (пра рэкі, вадаёмы). Быстры мнагаводны Нёман не захапляў доктара-рыбалова. Васілевіч.

2. Багаты вадой, вільгаццю; які добра арашаецца. Мнагаводны край.

мнагавопытны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікі вопыт. Мнагавопытны гаспадарнік.