Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

младагегельянец, ‑цца, м.

Паслядоўнік младагегельянства.

младагегельянства, ‑а, н.

Ідэалістычная філасофская плынь у Германіі 30–40‑х гг. 19 ст., якая спрабавала выкарыстаць філасофію Гегеля для абгрунтавання неабходнасці буржуазнага пераўтварэння Германіі.

младаграматыкі, ‑аў; адз. младаграматык, ‑а, м.

Прадстаўнікі младаграматычнага напрамку ў мовазнаўстве.

младаграматычны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з напрамкам у параўнальна-гістарычным мовазнаўстве апошняй чвэрці 19 ст., які выходзіў з суб’ектыўна-ідэалістычнага азначэння мовы як зменлівай псіхафізічнай дзейснасці індывіда.

младапісьменны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які атрымаў пісьменнасць у нядаўні час. Младапісьменныя народы.

млекакормячыя, ‑ых; адз. млекакормячае, ‑ага, н.

Клас вышэйшых пазваночных жывёл, якія кормяць дзіцянят сваім малаком.

мленне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. млець.

млець, млею, млееш, млее; незак.

1. Траціць прытомнасць, свядомасць; абміраць. Маладыя мужчыны і хлопцы сёння пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад.. Леапольд Гушка прыйшоў з Адасём дадому збірацца.. Маці млела на ганку. Чорны.

2. Слабнуць, дранцвець, нямець (пра часткі цела). Глянуўшы наперад, у .. дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі і не згіналіся ў каленях. Шамякін. // Знемагаць, нясілець ад гарачыні, спёкі. Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце. Мележ.

3. перан. Заміраць ад якога‑н. моцнага пачуцця. [Серж] аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Чорны.

4. У кулінарнай справе — доўга парыцца ў накрытай пасудзіне. [Пятро:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы. Васілевіч.

млечны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на малако; малочны (у 7 знач.). Мы плылі па азёрах у млечным тумане цёплай ночы і абое маўчалі. Ваданосаў.

•••

Млечны сок гл. сок.

Млечны Шлях гл. шлях.

млосна, безас. у знач. вык.

Нядобра, моташна. Адчуўшы, што яму млосна, Максім Сцяпанавіч выйшаў на ганак і сеў проста на прыступку. Карпаў. Неяк раз на занятках па гімнастыцы ў школе Бобу зрабілася млосна, і ён страціў прытомнасць. Гарбук.

•••

Чарцям млосна (будзе, стане) — пра што‑н. такое, што выходзіць за межы звычайнага.