Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

люба,

1. прысл. Міла, з любоўю. Бохан хлеба ляжаў на канцы доўгага, няшчыльна збітага з дошчак стала, падпёртага скрыжаванымі ножкамі, па-хатняму люба накрыты, замест настольніка, ручніком. Брыль.

2. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Прыемна, падабаецца; па сэрцу. Люба слухаць. Люба жыць. ▪ Гарыць работа, і хусцінка, Нібы матыль які жывы, З яе спаўзае галавы, І люба глянуць на Жарынку. Колас.

любаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. любавацца.

любавацца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.

Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.

любасны, ‑ая, ‑ае.

Які выражае любоў, замілаванне. Любасны позірк.

любасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н.; любоў. Праз усё жыццё пранёс Якуб Колас вялікую любасць да роднага слова. «Полымя». // Пачуццё пяшчоты, любавання; замілаванне. Не спускаючы з рук Маечку, Мікола сеў за стол, з любасцю пагладзіў яе па галоўцы. Краўчанка.

2. у знач. вык. Любата. Не дзеўчына — любасць адна. Лынькоў.

любата, ‑ы, ДМ ‑баце, ж.

1. Тое, што люба, што выклікае захапленне прывабнасцю, прыгажосцю. Тут [у клеці] нейкая асаблівая сцішанасць, нейкая адменная любата. Сабаленка.

2. у знач. вык. Пра захапленне, зачараванне кім‑, чым‑н., задавальненне ад каго‑, чаго‑н. [Дзед Мацей:] — Бач, якое падвор’е, проста любата. Ляўданскі. Ехаць па лесе — адна любата. Гамолка. [Доўнар:] — Хлопцы — любата, адзін у адзін. Дуброўскі. // безас. у знач. вык., з інф. Прыемна. Любата глядзець, як пад напорам.. моцных рук вянок за вянком узнімаюцца ўгору новыя хаты. Васілевіч. А касілка косіць-рэжа, Ажно глянуць любата. Ставер. // у знач. выкл. Ужываецца пры выказванні прыемнага ўражання. [Собіч:] — Любата! Проста любата, Марына Барысаўна! Цяпер у нас зусім другая карціна. Скрыган. [Андрэй Сцяпанавіч:] — Паглядзіце, якое ворыва! Любата! Бялевіч.

любачка, ‑і, м. і ж.

Нар.-паэт.

1. ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж. Любімая, любая. Дамянік пранёсся міма. Бег — шуршэлі каласы, Стаў — іх змоўклі галасы, І дарма шукаў вачыма Постаць любачкі-красы [Ганны]. Колас.

2. м. і ж. (ужываецца пры звароце). Мілая (мілы), дарагая (дарагі). — Любачка мая, — казаў .. [Зязюльскі], — гляджу я на Цябе і ўспамінаю твайго бацьку: тваё аблічча напамінае мне нябожчыка! Колас. — Ты, любачка, пра гэта, мусіць, не думаў? Зарэцкі.

любка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Разм. Ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны. — Я, любка, мужчын наскрозь бачу. Мележ.

любошчы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Любоўныя адносіны. Праз які час, калі астылі любошчы, .. [Адэля з Казюком] ужо размаўлялі аб тым, што іх непакоіла сёння. Броўка.

любоў, ‑бові і ‑бві, ж.

1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н. Любоў да радзімы. ▪ Нарадзілася д[а]чка, і сэрца загарэлася новым пачуццём.. самай моцнай любві — любові маці. Дуброўскі. // Пачуццё прыхільнасці, сімпатыі да каго‑н. Творы Максіма Танка карыстаюцца заслужанай любоўю чытача, бо напісаны яны ад сэрца. Шкраба.

2. Пачуццё гарачай сардэчнай прыхільнасці да асобы другога полу; каханне. Вось так прыходзіць першая любоў, Нібы паводка, бурна, нечакана. Свірка. Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём, Бо любоў мяне мучыць і паліць пякельным агнём. Багдановіч. / Пра чалавека, які выклікае гэта пачуццё. Вось і любоў твая ідзе.

3. Цікавасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Любоў да педагагічнай справы. Любоў да мастацкага слова.