Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

леапард, ‑а, М ‑дзе, м.

Буйны драпежнік сямейства кашэчых з плямістай шэрсцю.

[Лац. leopardus.]

леапардавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да леапарда, належыць леапарду. Леапардавая шкура.

лебедзь, ‑я, м.

Вялікая прыгожая вадаплаўная пералётная птушка сямейства качыных з белым (радзей чорным) апярэннем, з доўгай выгнутай шыяй. Колькі качка ні мудрыся, а лебедзем не будзеш. Прыказка.

лебедзяня і лебедзянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня лебедзя.

лебяда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Пустазелле сямейства лебядовых з лісцем, якое звычайна пакрыта мучністым налётам. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Прызба па самыя вокны зарасла была лебядою і лопухам. Чорны.

лебядзятка, ‑а, н.

Ласк. да лебедзяня.

лебядзяціна, ‑ы, ж.

Мяса лебедзя.

лебядзіны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лебедзя, уласцівы яму. Лебядзіны пух. ▪ Зацешуся чародкай лебядзінай, Што плавае пры ціхім астраўку. Гаўрусёў.

2. Які нагадвае лебедзя, такі, як у лебедзя. Лебядзіная паходка. Лебядзіная шыя. ▪ Пад белым пухам лебядзіным заснула вёска сном нямым. Машара.

•••

Лебядзіная песня гл. песня.

лебядовы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лебяды.

2. у знач. наз. лебядовыя, ‑ых. Сямейства двухдольных травяністых і паўкустовых раслін, да якога адносяцца лебяда, буракі, шпінат і інш.

лева,

У выразе: лева руля — каманда, якая падаецца для павароту руля ўлева.