Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

зігза́г, ‑а, м.

1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі. Хадкевіч. // перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны. Пестрак.

2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны. Карпюк. // Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.

3. у знач. прысл. зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам. В. Вольскі. Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Гурскі.

[Фр. zigzag з ням.]

зігзагападобны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па форме да зігзага. Намалёваныя зігзагападобныя стрэлы паказвалі калгасныя электрастанцыі. Краўчанка.

зігота, ‑ы, ДМ ‑гоце, ж.

Клетка, якая ўтвараецца ў выніку апладнення, зліцця палявых клетак.

[Ад грэч. zygōtē — злітая ў пару.]

зіма, ‑ы; мн. зімы, зім; ж.

1. Самая халодная пара года паміж восенню і вясной. Снежная зіма. Наступленне зімы. ▪ Мінула восень, а за ёю Прыйшла з марозамі зіма. Купала. Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

2. Навучальны, рабочы і пад. год (пры адлічэнні часу, калі асноўная дзейнасць прыпадае на халодную пару). Цяпер Аўгіння цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Колас. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца.. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль.

•••

Зіму зімаваць гл. зімаваць.

Зіму і лета — пастаянна, у любую пару года.

Пусціць у зіму каго — пакінуць у племя (пра свойскую жывёлу).

зімавалы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які перабыў зіму на дварэ, пад снегам. Зімавалае сена.

зімавальны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім зімуе рыба; прызначаны для зімавання рыбы. Зімавальная сажалка.

зімавальнік, ‑а, м.

Глыбокая сажалка для трымання рыбы зімой.

зімаванне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. зімаваць.

зімаваць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Жыць дзе‑н. зімой, заставацца дзе‑н. на зіму. Зімаваць на палярнай станцыі. ▪ На пустых званіцах зімавалі кажаны. Чорны. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць .. [на балоце], бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Колас. // Быць пакінутым на зіму, у племя (пра жывёлу). Зімавала дваццаць авечак.

2. Пераносіць холад, знаходзячыся ў грунце (пра расліны). Яравыя культуры ў нашых раёнах не могуць зімаваць.

•••

Зіму зімаваць — перабываць дзе‑н. зімовы час.

Пазнаць, дзе ракі зімуюць гл. пазнаць.

Паказаць, дзе ракі зімуюць гл. паказаць.

зімародак, ‑дка, м.

Невялікая птушка з доўгай прамой дзюбай і вялікай галавой, якая жыве каля вады.