Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

зябер, ‑бру, м.

Аднагадовая травяністая расліна сямейства губакветных з жоўтымі ці пурпурова-чырвонымі кветкамі.

зябка, прысл.

1. Адчуваючы холад. Старшына зябка захінуўся ў шынель. Быкаў. Стала халадней, людзі зябка паціскалі плячамі і хуталіся ў лёгкае адзенне. Лынькоў.

2. безас. у знач. вык. Холадна. Ля вушэй свішча вецер, пранізвае наскрозь. Зябка. Асіпенка. На двары так зябка, што хочацца хутчэй зайсці ў цёплы кароўнік абагрэцца. Дуброўскі.

3. безас. у знач. вык., каму-чаму. Пра адчуванне холаду. Мне зябка.

зябкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зябкага. Не лета ўжо, з ваколіцы цягне зябкасцю. Навуменка.

зябкі, ‑ая, ‑ае.

Халодны, сцюдзёны. Зябкі вецер. ▪ Сягоння дзень быў зябкі, непагодны. Дзяргай. Ад туману, ад балота павявала зябкай тарфяной сырасцю. Мележ.

зяблевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зябліва. Зяблевае ворыва.

зяблы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Змёрзлы, азяблы. Асцярожна — стук у дзверы Зяблаю рукою. Колас. Зацвіталі яблыні, Белым цветам крыліся І ніколі, зяблыя, Сцюжам не парыліся. Глебка.

зябліва, ‑а, н.

Асенняе ўзворванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу. Закончыць зябліва. Ранняй вясной барануюць і культывуюць зябліва.

зяблік, ‑а, м.

Лясная пеўчая птушка з чырванаватым пер’ем па баках; берасцянка.

зябліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Араць пад зябліва. Дзе-нідзе відаць было, як трактары зяблілі ржэўнік. Пальчэўскі.

зябнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Мерзнуць, стыць. Падыходзіла зіма. Сыпаўся калючы сняжок, і сівер наганяў холад. .. Зяблі рукі. На пісьмовых уроках ручка вывальвалася з пальцаў. Чарнышэвіч. Ужо зусім змокла пілотка, зябла на ветры нядаўна астрыжаная галава. Быкаў. // Гінуць ад холаду; вымярзаць. Зябнуць пасевы ад марозу.