Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

зыб, зыбу, м.

Лёгкае хістанне воднай паверхні, рабізна на воднай паверхні. Затока. Ні хвалі, ні зыбу няма, І тут нават кручы не надта крутыя. Зарыцкі.

зы́банне, ‑я, н.

Разм.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зыбаць — зыбацца.

2. Стан паводле знач. дзеясл. зыбацца. Канстанцін Міхайлавіч глядзіць, нібыта ўгадвае праз парушаны зімовы сон возера недалёкае зыбанне хваль. Лужанін. Зыбанне платформы адчувалася ўсім корпусам цела. Шынклер.

зыбануцца і зыбнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да зыбацца.

зыбануць і зыбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да зыбаць.

зыбацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Гушкацца, то падымаючыся, то апускаючыся. Зыбацца на нагах. Дрыгва зыбаецца. ▪ Лодка зыбаецца на паверхні вады, і ад яе разыходзяцца ў бакі ледзь прыкметныя хвалі. Лупсякоў. Дошкі ўгіналіся, зыбаліся пад нагамі. Лынькоў.

2. Зал. да зыбаць.

зыбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Гушкаць, то падымаючы, то апускаючы. Зыбаць дзіця. ▪ Турбот нямала ў Нёмана заўсёды. Спяшаецца з пагоркаў ён, з далін, Каб зыбаць караблі на быстрых водах І карагодзіць лопасці турбін. Калачынскі.

зыбка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Калыска, падвешаная на гнуткай палцы, прымацаванай да столі. Палыхае вогнішча ў грубцы, асвятляючы падлогу, супрацьлеглую сцяну, драўляную зыбку, у якой спіць малое. Лупсякоў.

зыбкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зыбкага. Зыбкасць глебы.

зыбкі, ‑ая, ‑ае.

Які можа зыбацца, гушкацца; гнуткі. Зыбкае балота. ▪ Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў сцежкай. Лынькоў. // Які знаходзіцца ў стане лёгкага руху, хістання. Па вадзе забегалі зыбкія маленькія хвалькі, пайшлі блішчастыя пухіркі, якія хутка бясшумна лопаліся. Лупсякоў.

зыбнуцца,

гл. зыбануцца.