Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

змабілізавацца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.

Разм. Тое, што і мабілізавацца. — Таварышы, не здадзімся, не схібім перад чорнай навалай. Змабілізуемся, будзем адзінымі ў барацьбе за свае рабочыя правы. Сабаленка.

змабілізаваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і мабілізаваць. — Як вы трапілі ў Чырвоную Армію за камандзіра? — Змабілізавалі. Чорны.

змаганец, ‑нца, м.

Тое, што і змагар. Усе знішчала перашкоды Змаганцаў дужая сям’я — Сыноў савецкага народа Твой гонар — Партыя мая! Хведаровіч.

змаганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. змагацца.

змагар, ‑а, м.

Той, хто змагаецца з кім‑н. за што‑н.; барацьбіт. Змагар за справядлівасць. Змагар за мір.

змагарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да змагар.

змагацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. з кім. Біцца, ваяваць са зброяй у руках. — Я прыйшла сюды не для таго, каб ратавацца ад смерці. Я прыйшла змагацца, помсціць ворагу, а не берагчы сябе для мужа. Шамякін. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. // Спаборнічаць у чым‑н. [Сухавараў] лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма. Колас. // перан. Уступаць у сутыкненне (пра пачуцці, імкненні і пад.). Толя маўчаў, і ў душы яго змагаліся тры пачуцці: прыкрая злосць на старога .., нейкі сорам і боязь, што .. ён, дзед партызанскі, бачыць і ведае ўсё. Брыль.

2. з чым, супраць чаго. Супраціўляцца чаму‑н., імкнуцца перамагчы або знішчыць што‑н. Змагацца супраць вайны. ▪ — Яшчэ пяць хвілін я паляжу, і тады буду будзіць Скабакова, — думаю я і змагаюся з цяжкай дрымотай. Чорны.

3. за што. Адстойваць, абараняць што‑н., дамагацца чаго‑н. Змагацца за мір. Змагацца за тэхнічны прагрэс. ▪ [Фёдар Мікалаевіч:] Вадзіцелі з экскаватаршчыкамі змагаюцца за перавыкананне тэхнічных норм. Крапіва.

змагаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Перамагаць (звычайна ў барацьбе). Родная зямелька Ворагаў змагала... Цяпер волі зорка Над ёй [заззяла]. Чарот.

змагчы, змагу, зможаш, зможа; пр. змог, змагла, ‑ло; зак., звычайна з інф.

Здолець зрабіць што‑н. — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. Шамякін. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. // Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. Далёкая мілая мама, Я знаю — каб толькі змагла, Не зёлкамі ты, а рукамі Бяду б ад мяне адвяла. Астрэйка.

змагчыся, змагуся, змошашся, зможацца; зак.

Выбіцца з сілы; аслабець. Вера доўга і адчайна вырывалася, драла пазногцямі твар, крычала, але сілы пакідалі яе, і яна хутка змаглася... Сачанка. Бегаў, ганяўся за конікам Кастусь, урэшце, змогся, стомлена паваліўся на світку і сам не заўважыў, як заснуў... Мележ.