Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

зебра, ‑ы, ж.

Дзікі афрыканскі конь з паласатай афарбоўкай цела.

зебу, нескл., м.

Від свойскай буйной рагатай жывёлы з невялікім тлушчавым гарбом на карку (пашыраны ў Азіі і Афрыцы).

зейгераванне, ‑я, н.

Спец. Спосаб раздзялення цвёрдых сплаваў на састаўныя часткі, заснаваны на рознасці тэмператур плаўлення.

зейгераваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Спец. Рабіць зейгераванне.

[Ад ням. seigern.]

зекры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Вочы. [Любаша] смела глянула ў .. наглыя вадзяністыя зекры [незнаёмца] і нават не змаргнула. Дамашэвіч.

зелена,

1. Прысл. да зялёны (у 1, 2 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць зялёнай расліннасці. Было лета, самая зялёная пара яго. Зелена было на гародах, у полі, на балотах. Мележ.

•••

У вачах зелена — тое, што і у вачах зелянее (гл. зелянець).

зеленаваты, ‑ая, ‑ае.

1. Злёгку зялёны (у 1, 2 знач.); з зялёным адценнем. Зеленаватыя вочы ўмеюць быць злымі і строгімі, хоць сам старшыня чалавек не злы. Колас. З мора насустрач нам адна за другой коцяцца ўзнятыя ветрам зеленаватыя хвалі. Галавач.

2. Недаспелы, зялёны. Жыта пачало хутка даспяваць. Толькі ў нізінах яно было зеленаватым. Асіпенка.

зеленавокі, ‑ая, ‑ае.

З зялёнымі вачамі. Зеленавокае кацяня. / у вобразным ужыв. Зеленавокія травінкі На поймы выбеглі Лахвы, З дажджом шукаючы хмурынку Ці хмару з гулам грамавым. Матэвушаў.

зеленкаваты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і зеленаваты. Зеленкаватыя яблыкі. ▪ — Ты дзе была? — націскаючы на «дзе», запытаў Васіль, а зеленкаватыя, поўныя падазронасці вочы яго пазіралі на Аўгінню. Колас.

зелень, ‑і, ж.

1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. ▪ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.

2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.

3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.

4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.

5. Зялёная фарба.

6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.

•••

Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

Парыжская зелень — светла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.