Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

за 1, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца і пад., за межы якіх накіравана дзеянне, рух або за якімі, па другі бок якіх знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. Паехаць за горад. Жыць за ракой. ▪ За вёскай, у лесе, ладзілася маёўка. Асіпенка. // (з дзеясловамі «сесці», «усесціся», «стаць» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, каля якога хто‑н. размяшчаецца для работы або якога‑н. занятку. Сесці за стол. Стаць за пульт кіравання. Сядзець за рулём.

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, услед за якімі рухаецца хто‑, што‑н. Хадзіць за плугам. ▪ За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. За двума зайцамі пагонішся — ні аднаго не зловіш. Прыказка.

Часавыя адносіны

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, на працягу якога што‑н. адбывалася або адбылося. За ноч падмарозіла. Падрос за лета. ▪ Многа падзей адбылося за апошнія часы. Колас. А больш за ўсё бабе крыўдна, Што ён за свой казацкі век Клінком дамаскім, гартаваным, Яшчэ не ўсіх паноў пасек... Танк. // Ужываецца пры азначэнні прамежку часу, які патрабуецца для выканання чаго‑н. Ураджай можна ўбраць за месяц.

4. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адначасовасці, паралельнасці розных з’яў, дзеянняў і пад. Сустракаліся за работай. ▪ Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. За вячэрай.. пачыналася размова пра грыбы. С. Александровіч.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы і пад., у бытнасць, перыяд дзейнасці якіх адбываецца што‑н. За бацькамі лёгка жывецца. Звозіць снапы за пагодай. ▪ А зямелькі шнур, Пляц, якім валодала За царом карчма, Як зямля народная, Іхнім стаў дома. Куляшоў.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, які аддзяляе адно, папярэдняе дзеянне ад другога, наступнага, звычайна выражанага назоўнікам роднага склону з прыназоўнікам «да». За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. За год перад вайна Грысь... зрабіў на Стамагільскай рацэ паром. Кулакоўскі.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, за межы якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. ▪ Час падходзіў за Пакровы. Вецер ліст з лясоў атрос. Колас.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. За летам прыйшла восень. ▪ За ветрам упалі першыя рэдкія буйныя кроплі. Галавач. // Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці падзей, з’яў. Мінае дзень за днём, за годам год мінае. Танк.

Аб’ектныя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якія бяруць, да якіх дакранаюцца, за якія трымаюцца і пад. Павітацца, за руку. Узяць за плечы. Схапіцца за жывот. Учапіцца рукамі за маці. ▪ Ярмоленка ціхенька бярэцца за дзвярную ручку. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні занятку, да якога прыступаюць. Сесці за ўрокі. Узяцца за работу.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія выклікаюць тое ці іншае пачуццё, перажыванне. Непакоіцца за сына. Сорамна за непачцівасць. ▪ І ў сэрцы радасна бясконца За лёс краіны, за яе У вяках нягаснучае сонца, За песні, што народ пяе, За мірны і бясхмарны поўдзень Над беларускаю зямлёй. Танк.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, у дачыненні да якіх хто‑н. бярэ на сябе абавязкі, клопаты, адказнасць і пад. Ручацца за поспех. ▪ Алесь адчуў, што ўся адказнасць за падрыхтоўчыя работы ляжыць цяпер толькі на ім. Броўка. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якіх падтрымліваюць, за якіх заступаюцца. Закінуць слова га таварыша. ▪ Ой, патрапіць народ часам За сябе ўступіцца. Купала. За цябе, Беларусь, горда Пастаю на варце ля мяжы. Чарот. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, у імя якой што‑н. робіцца, выконваецца. Паднімем жа чаркі сям’ёю адзінай За матак, сясцёр і братоў. Броўка.

12. з Т (рэдка). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., па якія хто‑н. адпраўляецца. Хто палез за агуркамі, Хай той носіць пухіры. Крапіва. Рана ўсталі маладзіцы Ды да студняў за вадой. Янішчыц.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у абмен на які што‑н. набываецца, ствараецца, а таксама пры абазначэнні цаны, за якую купляецца або прадаецца што‑н. Набыць за грошы. Купіць за рубель. ▪ — Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася. Чорны.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., замест якога або ад імя якога дзейнічае хто‑н. Дзяжурыць за таварыша.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія выступаюць або прымаюцца ў якасці каго‑, чаго‑н., як хто‑, што‑н. Прыняць праект за аснову. Палічыць жарт за праўду. ▪ Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Шамякін. / Пры абазначэнні прафесіі, роду дзейнасці і пад. Быць за старшыню. Вывучыцца за настаўніка.

16. з В. Ужываецца пры параўнанні аб’ёму дзейнасці данай асобы са звычайнай нормай дзейнасці некалькіх асоб. Працаваць за трох. ▪ Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. Колас.

17. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая выступае жаніхом, мужам каго‑н. (з дзеясловамі «выйсці», «выдаць», «сватаць» і пад.). Выдаць замуж за брыгадзіра. Выйсці за доктара. Была замужам за лейтэнантам.

18. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца аб’ектам назірання, дагляду, увагі. Прыбраць за сабой. ▪ Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. Колас. Танца здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча. Мележ.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы (асоб), установы і пад., у распараджэнні якіх застаецца што‑н., за якімі лічыцца што‑н. Першынство засталося за дынамаўцамі. За ім лічыцца доўг. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., ад якіх залежыць наступленне якога‑н. дзеяння, стану. Слова за вамі.

20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі параўноўваецца, супастаўляецца хто‑, што‑н. Старэйшы за брата. Цвярдзейшы за камень. ▪ Праўда даражэй за золата. Прыказка. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «перш за ўсё», «хутчэй за ўсё».

21. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета гаворкі, сведчання і пад. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў Букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Колас.

Прычынныя адносіны

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з’явы і пад., якія з’яўляюцца прычынай, падставай для якога‑н. дзеяння або стану. Хваліць за кемлівасць. Караць за здраду. ▪ Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу. Броўка. Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Брыль.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які з’яўляецца перашкодай для дзеяння ці наступлення пэўнага стану. За ветрам нічога не чуваць. За работай не мае вольнай хвіліны. ▪ За дурной галавою і нагам няма спакою. Прыказка.

Мэтавыя адносіны

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца мэтай дзеяння, руху. Звярнуцца за дапамогай. ▪ [Мікалая Патапавіча] ужо ніхто не будзіць, ніхто не турбуе, ніхто не заходзіць у хату з пытаннямі, за парадамі. Кулакоўскі.

Колькасныя адносіны

25. з В. Ужываецца пры абазначэнні велічыні адлегласці, выражанай у якіх‑н. адзінках. Мястэчка знаходзілася за сорак вёрст ад чыгункі. Корбан. Міліцыянеры бачылі за гоні ад сябе шырокую будыніну школы. Броўка.

26. з В. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, колькасці. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла ўжо за сотню. С. Александровіч.

Акалічнасныя адносіны

27. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую да сябе — усю за раз, з усімі яе думкамі. Брыль. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі. Кулакоўскі.

Азначальныя адносіны

28. з Т. Ужываецца пры абазначэнні знешняй прыметы чаго‑н. па нумару, подпісу і пад. Даведка за подпісам старшыні. ▪ Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! Куляшоў.

29. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’ёму ведаў. Экзамен за курс пачатковай школы.

за 2, прысл.

У падтрымку, на карысць каго‑, чаго‑н. — А ты свае [лугі] не запускай, а дамагайся, каб трава добра расла. — Ды я што, супроць? — Не, не супроць, але і не за. Броўка.

•••

За і супроць — тое, што пацвярджае, апраўдвае якое‑н. рашэнне, дзеянне ў супастаўленні з тым, што яго адмаўляе, абвяргае. Узважыць усе за і супроць.

Што за ... гл. што.

за..., прыстаўка.

І. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) пачатак дзеяння, напрыклад: забарабаніць, забегаць, замахаць, засмяяцца, зашчоўкаць, захрапці; 2) закончанасць, вынік дзеяння або стану, напрыклад: забяліць, завязаць, запакаваць, зараўнаваць, засеяць, засохнуць, зацвярдзець, зачахнуць; 3) выхад дзеяння за межы звычайнага або дапушчальнага, напрыклад: забавіцца, загаварыцца, заняньчыць, запрацавацца, захваліць, зацягаць; 4) накіраванасць дзеяння або руху — а) за прадмет, напрыклад: заехаць (за дом), зайсці (за сцэну) ; б) унутр, углыб, пад што‑н., наверх чаго‑н., напрыклад: запаўзці (у нару), залезці (пад стол), забрацца (на вяршыню гары); в) за межы чаго‑н., куды‑н. далёка, напрыклад: завезці (за мора), заслаць (на край свету); г) на край, паверхню прадмета, напрыклад: закусіць (яблык), зарэзаць (край дошкі); 5) адхіленне ўбок ад асноўнага напрамку руху з кароткачасовым спыненнем дзеяння, напрыклад: забегчы, заехаць, заглянуць (да знаёмых).

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае: на тым баку, ззаду або за межамі чаго‑н., напрыклад: заакіянскі, завуголле, загарадны, задворкі, залетась, заморскі, зарэчны, заўчора.

III. Ужываецца пры ўтварэнні якасных прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае перавышэнне якасці, напрыклад: завельмі, завузкі, завялікі, загуста, замнога, занадта.

IV. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў і абазначае: у межах таго перыяду, які называецца словам без прыстаўкі; да наступлення новага перыяду, напрыклад: засветла, зацемна, зацепла.

заа... (гл. зоа...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «зоа...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: заалогія, заапарк, зааспора, заатэхнік.

заавансаваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Аплаціць уперад частку кошту якога‑н. гавару, работы. Заавансаваць заказы.

заадно, прысл.

1. Сумесна, у згодзе з кім‑н. (быць, дзейнічаць і пад.). Быць з сябрамі заадно. ▪ Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі.

2. Разам з тым, адначасова, мімаходам. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў.. далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць. Колас.

заадрасаваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Разм. Напісаць адрас на пісьме, пасылцы і пад. Скончыўшы пісьмо, Андрэй заадрасаваў яго і потайкам падкінуў у Сымонаў чамадан. Колас.

заазёрны, ‑ая, ‑ае.

Размешчаны за возерам, за азёрамі. Заазёрны лес. Заазёрныя лугі.

заактаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Унесці, упісаць у акт. Заактаваць здарэнне.

заакіянскі, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца за акіянам. Заакіянскія краіны. // Які робіцца за акіян. Заакіянскае падарожжа. // Прывезены, прысланы з-за акіяна. Заакіянскія тавары. Заакіянскі місіянер.

заалагічны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да заалогіі. Заалагічныя назіранні. Заалагічны атлас.

2. Які мае адносіны да жывёл. Заалагічны магазін.

•••

Заалагічны парк (сад) гл. парк.