Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

жыва, прысл.

1. Наглядна, маляўніча, ярка. Прачытаў Сцяпан аб адным здарэнні на начлезе, дзе апісвалася вельмі жыва і натуральна, як дзядзька Мікола шукаў сваю люльку. Колас. // Выразна, яскрава. У Панасюка ўсплывае жыва ў памяці малюнак развітання з маткай. Яна галасіла, як па нябожчыку: — На каго ты мяне, старую, пакідаеш? Бядуля.

2. Хутка, паспешліва. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі. Колас.

3. Ажыўлена, бадзёра, бойка. Гутарка на сходзе ішла жыва, хаця і бязладна. Дуброўскі. — Давай сыр! — жыва сказаў мужчына, хапаючыся за кошык. Самуйлёнак.

4. Дзейсна, актыўна; горача. Беларуская крытыка жыва адгукалася і на тую палеміку, якая разгортвалася на старонках усесаюзнага друку. Перкін.

жыва...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню а) слову «жывы», напрыклад: жывародзячы; б) слову «жыццё», напрыклад: жыватворны.

жываглот, ‑а, М ‑лоце, м.

Разм. Драпежнік, які глытае здабычу жыўцом. // перан. Пра сквапнага, бязлітаснага прыгнятальніка. Жыў спакойна цэлы век Невядомы чалавек. Жыў багатым жываглотам, Працаваць не меў ахвоты. А. Александровіч.

жываглотка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да жываглот.

жываглоцтва, ‑а, н.

Разм. Бязлітасны прыгнёт, пажыва за кошт іншых.

жывадзёр, ‑а, м.

Разм. Пра жорсткага, бязлітаснага чалавека. Паноў і іншых жывадзёраў, Не сёння, заўтра, Але скора У нас іх тут зусім не будзе. Трус. // Пра скнарлівага гандляра, спекулянта-абдзіралу.

жывадзёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да жывадзёр.

жывадзёрства, ‑а, н.

Разм. Жорсткае абыходжанне з кім‑, чым‑н.; катаванне, здзекі. — У Аўсянішчы сяляне, абураныя жывадзёрствам памешчыцы, спалілі дашчэнту маёнтак і разабралі ўсё панскае збожжа. Зарэцкі.

жывакост, ‑у, М ‑сце, м.

Шматгадовая лекавая травяністая расліна сямейства бурачнікавых з буйным лісцем і трубчастымі кветкамі, якая расце па сырых мясцінах. — А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.

жыванараджэнне, ‑я, н.

Спосаб узнаўлення патомства, пры якім зародак развіваецца ў матчыным арганізме.