Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

жуда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Тое, што і жудасць. Вёска стаяла пустая і сваёй цішынёй наводзіла жуду на людзей. Бядуля.

жудасна,

1. Прысл. да жудасны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё страху, трывогі. Жудасна.. зрабілася Амялляну, калі застаўся з канём адзін у лесе. Колас.

3. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. І ці знаеш, — як жудасна хочацца жыць, Калі скрозь наліваецца сілаю поле. Глебка.

жудаснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жудаснага.

жудасны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху, чаго‑н. непрыемнага, пакутлівага, жахлівага. Злыя хутарскія сабакі пераклікаліся заядлым брэхам, жудасным і трывожным. Колас. Трэба было думаць аб начлезе. Наперадзе — васемнаццаць гадзін ночы, марознай, жудаснай. Шамякін.

2. перан. Надзвычайна вялікі, вельмі моцны. У тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.

жудасць, ‑і, ж.

Трывожнае пачуццё страху, прадчуванне бяды, небяспекі; жах. Таццяна была рада кожнаму пражытаму дню і з жудасцю сустракала кожны новы, не ўяўляючы, як яна перажыве яго. Шамякін. Калі сабака.. ні з таго, ні з сяго пачынае выць, нейкая жудасць нападзе на чалавека. Бядуля. // Тое, што выклікае страх; трагічная з’ява, жахлівае здарэнне. — Заігралі па спінах сялянскіх панскія бізуны. Я акамянела ад гэтай жудасці. Бядуля. Ні сцюжы дальняга Якуцка, Ні холад лютае зімы, Ні жудасць катаргі нялюдскай, Ні жахі царскае турмы Ягонай сілы не зламалі... Глебка.

жудзь, ‑і, ж.

Абл. Жудасць. Прыйшоў жа Цімох для нарады, Каб жончына слова пачуць: Душа яго прагла спагады — Такая ў ёй цемра і жудзь! Колас. І песні другія пачуюць прасторы, і новую радасць сюды прынясуць, і выкінуць скарбы на бераг азёры, і сонцам расквеціцца дзікая жудзь. Машара.

жужаль 1, ‑я, м.

Драпежны начны жук.

жужаль 2, ‑ю, м.

Абл.

1. Шлак. Паравоз пад парамі. Побач пуцейцы мяняюць падпаленыя жужалем шпалы. Навуменка.

2. Гразевая або гнаявая жыжка. Нехта сіліўся выпаўзці з жужалю, хапаючыся за сухі чарот. Грахоўскі.

жужальцы, ‑аў; адз. няма.

Вырасты, якія замяняюць заднія або пярэднія крылы ў некаторых насякомых.

жук, ‑а, м.

1. Насякомае з жорсткім надкрыллем.

2. перан. Разм. Пра хітрага, пранырлівага чалавека. «Жук гэты Адзярыха, — думае Саша. — Не пра фермы, вядома, клапоціцца. Але ліха з ім». Навуменка.

•••

Каларадскі жук — буравата-жоўты з чорнымі палоскамі шкодны жук, які аб’ядае лісце бульбы.

Майскі жук — тое, што і хрушч.

жуллё, ‑я, н., зб.

Разм. Жулікі. — На адным тыдні тры кватэры абабралі. А-і-ы-эй! Колькі развялося жулля — не дай ты рады! Гартны.